Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Да пачатку галасавання засталося:

Генеральная пракуратура адмовілася ажыццяўляць кантроль за дзейнасцю Цэнтрвыбаркаму

Генеральная пракуратура Рэспублікі Беларусь.
Генеральная пракуратура Рэспублікі Беларусь.

Такую выснову можна зрабіць з адказу, які атрымаў з Генеральнай пракуратуры брэсцкі праваабаронца Уладзімір Вялічкін. Нагодай для звароту былі падзеі 2015 года, калі ў Беларусі адбываліся прэзідэнцкія выбары.

Дзевяць назіральнікаў, якія падчас згаданых выбараў склалі скаргі ў раённую Маскоўскую выбарчую камісію ў Брэсце, вырашылі сёлета ў красавіку звярнуцца ў Цэнтрвыбаркам з просьбай прадаставіць інфармацыю пра тое, ці былі іх скаргі разгледжаны раённай камісіяй калегіяльна. Падставы для сумненняў зьявіліся пасля адказу кіраўніка Цэнтрвыбаркаму Лідзіі Ярмошынай на запыт каардынатара Руху “За Свабоду” Дзяніса Турчаняка, у якім адзначалася, што ягоная асабістая скарга не была разгледжана калегіяльна Маскоўскай раённай ў горадзе Брэсце камісіяй, а адказ быў дадзены асабіста старшынёй камісіі Галінай Янголенка.

Астатнія назіральнікі таксама пажадалі даведацца, кім жа былі разгледжаны іх скаргі, аднак Лідзія Ярмошына адмовілася даць гэтую інфармацыю, паведаміўшы пра тое, што Цэнтрвыбаркам не валодае такімі звесткамі. “Для мяне відавочна, што ва ўсіх дзевяці выпадках скаргі назіральнікаў напаткаў такі ж самы лёс, як і маю - іх камісія калегіяльна не разглядала, - упэўнены Дзяніс Турчаняк. - Але старшыня ЦВК адмаўляецца гэта пацвердзіць, каб не выставіць выбаркам Маскоўскага раёна Брэсце ў дурным святле. Бо атрымліваецца, што камісія фактычна бяздзейнічала, калі не разглядала скаргі на супольным паседжанні”.

У выніку адзін з назіральнікаў - праваабаронца Уладзімір Вялічкін – не пагадзіўся з адказам Лідзіі Ярмошынай і накіраваў скаргу ў Генеральную пракуратуру, бо ўгледзеў у адказе старшыні ЦВК парушэнне часткі 3 артыкула 10 Закона “Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб”. Праваабаронца прасіў Генеральную пракуратуру прызнаць гэтыя парушэнні з боку Цэнтрвыбаркаму і даць указанні выправіць іх.

Аднак у адказе, атрыманым з Генеральнай пракуратуры, гаворыцца наступнае: “Заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь Генеральнай пракуратуры не дэлегаваны правы на ажыццяўленне нагляду за выкананнем заканадаўства ў дзейнасці Цэнтральнай камісіі”. Фактычна з адказу вынікае, што пракуратура не мае намеру кантраляваць, чым займаецца галоўны выбарчы орган краіны.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары