Брэст: пракуратура зноў адмовілася рэагаваць на парушэнні выбарчага закандаўства
Актывіст Руху “За Свабоду” Дзяніс Турчаняк накіраваў чарговую скаргу (гэтым разам на імя пракурора Брэсцкай вобласці), бо ранейшыя звароты ў надзорны орган не далі плёну.
У сваёй скарзе Турчаняк нагадаў, што адразу пасля правядзення ў мінулым годзе прэзідэнцкіх выбараў даслаў у пракуратуру горада Брэста заяву з просьбай распачаць крымінальную справу па фактах падробкі дакументаў падчас выбараў і заведама няправільнага падліку галасоў на выбарчым участку №60 Маскоўскага раёна г.Брэста. Пракуратура накіравала гэтую скаргу для разгляду ў Маскоўскую раённую горада Брэста камісію па выбарах прэзідэнта РБ, але ў выніку замест калегіяльнага органу, які мае паўнамоцтвы для разгляду заяў і скаргаў на рашэнні і дзеянні камісій ніжэйшага ўзроўню, заява была разгледжана асабіста старшынёй раённага выбаркама Галінай Янголенка.
Такім чынам, лічыць Дзяніс Турчаняк, старшыня выбаркама парушыла права грамадзяніна на атрыманне адказу ад кампетэнтнага калегіяльнага органа, бо, разгледзіўшы справу аднаасобна, яна фактычна адхіліла сябраў камісіі ад удзелу ў разглядзе і прыняцці рашэння. Паводле актывіста, яшчэ адным негатыўным наступствам гэтых дзеянняў было тое, што матэрыялы, сабраныя падчас правядзення праверкі Галінай Янголенка, былі знішчаныя. Справа ў тым, што згодна з артыкулам 155 Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь, захоўваюцца і перадаюцца ў архіў толькі тыя матэрыялы пасля заканчэння выбараў, якія разглядаліся калегіяльна.
Дзяніс Турчаняк заўважае, што намеснік пракурора горада Брэста Іван Чайчыц зрабіў выснову аб адсутнасці падстаў для ўзбуджэння крымінальнай справы без правядзення праверкі і прававой ацэнкі дзеянням Галіны Янголенкі. На адмову пракуратуры горада Брэста ладзіць такую праверку актывіст падаў скаргу ў пракуратуру Брэсцкай вобласці, адкуль 10 лютага гэтага года прыйшоў адказ за подпісам намеснікам абласнога пракурора Аляксандра Точкі. З адказу вынікае, што падставаў для прыняцця мераў пракурорскага рэагавання няма.
У сваёй новай скарзе Турчаняк настойвае, што пры разглядзе заявы аб узбуджэнні крымінальнай справы не вырашана пытанне аб арганізацыі праверкі выкладзеных у заяве фактаў, а таксама парушаны парадак, прадугледжаны артыкуламі 173-174 Крымінальна-Працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (а менавіта - не прынята ні адно з прадугледжаных працэсуальных рашэнняў). Актывіст лічыць, што высновы аб недастатковасці падстаў для правядзення праверкі ў дачыненні да старшыні Маскоўскай раённай горада Брэста выбарчай камісіі зробленыя заўчасна і без вывучэння фактаў, што ўтрымліваліся ў заяве.
На падставе гэтага Дзяніс Турчаняк просіць пракурора вобласці прызнаць незаконным неправядзенне пракуратурай горада Брэста адпаведнай праверкі па ранейшай заяве, вырашыць пытанне аб правядзенні такой праверкі, даць прававую ацэнку дзеянням старшыні Маскоўскай раённай горада Брэста камісіі па выбарах прэзідэнта РБ Галіны Янголенкі і распачаць крымінальную справу паводле артыкула 426 Крымінальнага кодэкса РБ па факце здзяйснення Галінай Янголенкай дзеянняў, якія відавочна выходзяць за межы прадстаўленых ёй правоў і паўнамоцтваў, што прычыніла шкоду правам і законным інтарэсам асабіста Дзяніса Турчаняка, а таксама дзяржаўным і грамадскім інтарэсам.