Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Да пачатку галасавання засталося:

Смаргонская пракуратура ўхілілася ад ацэнкі фактаў фальсіфікацыі выбараў (дакумент)

    Адразу пасля прэзідэнцкіх выбараў праваабаронца са Смаргоні Алесь Дзергачоў накіраваў ў пракуратуру Смаргонскага раёна заяву. У ёй ён паведаміў, што паводле афіцыйна складзеных і агучаных выніковых пратаколаў на 8 з 40 выбарчых участкаў Смаргонскага раёна за кандыдата Таццяну Караткевіч прагаласавала 1860 выбаршчыкаў. У той жа час паводле афіцыйнай інфармацыі з сайта Цэнтральнай выбарчай камісіі ва ўсім Смаргонскім раёне за дадзенага кандыдата аддалі галасы толькі 887 (!) выбаршчыкаў. На гэтай падставе праваабаронца патрабаваў разгледзець пытанне аб прыцягненні да крымінальнай адказнасці вінаватых у фальсіфікацыі выбараў.

   Амаль 2 месяцы з пракуратуры не было ніякіх паведамленняў аб выніках праверкі. Таму ў пачатку снежня Алесь Дзергачоў накіраваў туды афіцыйную просьбу паведаміць аб выніках расследавання парушэння заканадаўства.

   Адказ выконваючага абавязкі пракурора Смаргонскага раёна Мікалая Кіндры датаваны 11 снежня 2015 года. У ім паведамляецца, што заява праваабаронцы накіравана ў Цэнтрвыбаркам і той павінен быў даць адказ. Насамрэч, Цэнтрвыбаркам даў адказ, але не на ліст, перасланы  пракуратурай, а на электроны зварот самаго заяўніка, без пазначэння, што гэта адказ і на пісьмовы зварот, накіраваны ў  пракуратуру. У электронным жа адказе старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына назвала фотакопіі выніковых пратаколаў падліку галасоў на выбарчых участках іх фрагментамі, па якіх немагчыма ўстанавіць недакладнасці вынікаў.

   Па сутнасці гэта была адпіска ЦВК. Пракуратура ж, як бачна, на факты фальсіфікацыі выбараў не рэагуе. У той жа час паводле артыкула 125 Канстытуцыі краіны нагляд за дакладным і аднастайным выкананнем законаў ускладзены на Генеральнага пракурора і падначаленых яму пракурораў. 


Каментары