Выніковая аналітычная справаздача кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары»
Назіранне за выбарамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ажыццяўлялася актывістамі РПГА «Беларускі Хельсінкскі камітэт» і ПЦ "Вясна" ў межах кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары».
ВЫСНОВЫ
Прэзідэнцкія выбары 2015 г. пачаліся ў ліпені ў абставінах, неспрыяльных для правядзення свабодных і дэмакратычных выбараў: у месцах пазбаўлення волі заставаліся палітычныя вязні, сістэматычна пераследаваліся незалежныя журналісты, што, разам з іншымі фактарамі, негатыўна ўплывала на палітычную сітуацыю ў краіне.
Пасля вызвалення палітычных зняволеных у жніўні 2015 г. вызначыліся станоўчыя тэндэнцыі: з’явілася больш магчымасцяў для рэалізацыі грамадзянскіх і палітычных правоў падчас перадвыбарчай кампаніі, зніклі перашкоды з боку ўлады пры зборы подпісаў за вылучэнне кандыдатаў у прэзідэнты і правядзенні агітацыйных мерапрыемстваў.
Улады Беларусі не чынілі рэпрэсій і не стваралі перашкод непасрэдна падчас масавых мерапрыемстваў, якія праводзіла частка апазіцыі па-за межамі выбарчага заканадаўства. Але арганізатарам такіх мерапрыемстваў пазней былі прысуджаны значныя штрафы, што парушае права на мірныя сходы, гарантаванае міжнароднымі прававымі актамі.
Аднак выбарчы працэс не адпавядаў шэрагу асноўных міжнародных стандартаў правядзення дэмакратычных і свабодны выбараў. Гэта было абумоўлена адсутнасцю роўнага доступу да сродкаў масавай інфармацыі для ўсіх кандыдатаў, адсутнасцю бесстаронніх выбарчых камісій, актыўным выкарыстаннем адміністратыўнага рэсурса на карысць дзеючага Прэзідэнта, шматлікімі фактамі прымусу выбаршчыкаў да ўдзелу ў датэрміновым галасаванні, закрытасцю шэрагу выбарчых працэдур для назіральнікаў.
Найбольш важнай падставай для крытыкі выбараў застаецца адсутнасць празрыстасці падліку галасоў, што не дазваляе лічыць абвешчаныя вынікі выбараў адлюстраванннем волевыяўлення выбаршчыкаў.
Выбарчыя камісіі
Пры фарміраванні камісій быў відавочны дыскрымінацыйны падыход да прадстаўнікоў апазіцыйных партый з боку органаў, якія ўтвараюць камісіі. Агульная колькасць прадстаўнікоў апазіцыйных партый у ТВК склала 10 чалавек, альбо 0,5 % ад агульнага складу ТВК; іх колькасць у УВК склала 31 чалавек, альбо 0,046 % ад агульнага складу сяброў УВК, што ў пяць разоў менш, чым на папярэдніх прэзідэнцкіх выбарах.
Адсутнасць заканадаўча замацаваных крытэраў для ўключэння ў выбарчыя камісіі ўсіх узроўняў, робіць магчымым селектыўнасць падыходу да іх фарміравання. Адсутнасць такіх крытэраў таксама робіць неэфектыўнай норму ВК, што прадугледжвае магчымасць судовага абскарджання рашэнняў аб адмове ва ўключэнні ў іх склад.
Нязначная колькасць прадстаўнікоў палітычных партый у складзе выбарчых камісій адлюстроўвае спецыфіку беларускай палітычнай мадэлі, пры якой асноўнымі палітычнымі суб'ектамі пры правядзенні выбарчых кампаній выступаюць прадстаўнікі праўрадавых грамадскіх аб'яднанняў і працоўных калектываў.
Вылучэнне і рэгістрацыя кандыдатаў
Дакументы на рэгістрацыю падалі 15 ініцыятыўных груп грамадзян па вылучэнні кандыдатаў у прэзідэнты, ЦВК зарэгістравала 8 з іх. Рашэнні мясцовых выканаўчых органаў адносна месцаў, забароненых для пікетавання з мэтай збору подпісаў, істотна не абмежавалі магчымасці працы ініцыятыўных груп у публічных месцах, аднак многія рашэнні не былі абумоўлены патрабаваннямі бяспекі і грамадскага парадку.
Улады не чынілі істотных абмежаванняў пры зборы подпісаў, але роля выканаўчай вертыкалі ўлады і адміністрацый дзяржаўных прадпрыемстваў па-ранейшаму заставалася вельмі вялікай. Збор подпісаў за вылучэнне ў якасці кандыдата ў прэзідэнты А. Лукашэнкі суправаджаўся актыўным выкарыстаннем адміністрацыйнага рэсурсу: ажыццяўляўся ў працоўны час, на тэрыторыі прадпрыемстваў і ўстаноў, часта пры непасрэдным удзеле адміністрацый гэтых прадпрыемстваў і ўстаноў.
Непразрыстасць працэдуры праверкі подпісаў і дакументаў дае падставы разглядаць вынік рэгістрацыі як палітычна матываваны. Кандыдатамі ў Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь зарэгістраваныя А. Лукашэнка, Т. Караткевіч, С. Гайдукевіч, М. Улаховіч.
Перадвыбарчая агітацыя
Перадвыбарчая агітацыя не стала значнай палітычнай кампаніяй для беларускага грамадства. Яна прайшла малазаўважна для выбаршчыкаў. Недахоп візуальных сродкаў агітацыі за кандыдатаў у прэзідэнты, відавочна, абумоўлена невысокай актыўнасцю большасці кандыдатаў і іх прыхільнікаў, а таксама адменай дзяржаўнага фінансавання вырабу інфармацыйных матэрыялаў.
У некаторых гарадах краіны, у тым ліку ў сталіцы, створаны адносна спрыяльныя ўмовы для агітацыі. Пры гэтым многія назіральнікі ў рэгіёнах адзначаюць, што мясцовыя ўлады вызначылі зусім непрыдатныя месцы для агітацыйных масавых мерапрыемстваў.
Галоўнымі ўдзельнікамі выбарчага працэсу заставаліся дзейсны прэзідэнт і Цэнтральная выбарчая камісія. Паводле адведзенага эфірнага часу і газетнай плошчы А. Лукашэнка знаходзіўся па-за канкурэнцыяй.
На карысць дзейснага прэзідэнта актыўна прымяняўся адміністрацыйны рэсурс. Праўрадавыя грамадскія арганізацыі, якія фінансуюцца з бюджэта (ФПБ, БРСМ і іншыя), актыўна праводзілі грамадска-палітычныя мерапрыемствы пад характэрнай сімволікай і ў кантэксце выбарчай праграмы дзейснага прэзідэнта, што атаясамлялася ў свядомасці выбаршчыкаў з агітацыяй у яго падтрымку. Гэтыя мерапрыемствы не фінансаваліся з выбарчага фонду кандыдата, што з’яўляецца парушэннем устаноўленага парадку агітацыі.
Датэрміновае галасаванне
У датэрміновым галасаванні прынялі ўдзел 36,05 % выбаршчыкаў – найбольшая колькасць з улікам папярэдніх прэзідэнцкіх кампаній 2001, 2006 і 2010 гг. Фактычна датэрміновае галасаванне ператварылася ў норму, што не адпавядае патрабаванням ВК.
Падчас датэрміновага галасавання назіральнікамі кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» былі зафіксаваны шматлікія факты прымусу грамадзян да ўдзелу ў ім з боку адміністрацый прадпрыемстваў і ВНУ. Гэта паўтарыла негатыўную практыку папярэдніх выбарчых кампаній.
Адзначаны выпадкі завышэння яўкі выбаршчыкаў на некаторых выбарчых участках. Абагульненая розніца на 144 УВК, на якіх праводзілася назіранне, па колькасці выбаршчыкаў, якія прынялі ўдзел у датэрміновым галасаванні, па дадзеных назіральнікаў і УВК склала 6,2%. Пры гэтым на некаторых УВК розніца складала больш за 50%.
Практыка правядзення датэрміновага галасавання застаецца адной з сістэмных праблем выбарчага працэсу, стварае шырокія магчымасці для выкарыстання адміністрацыйнага рэсурсу і іншых маніпуляцый.
Галасаванне па месцы знаходжання выбаршчыкаў
Дзейсныя працэдуры галасавання па месцы знаходжання выбаршчыкаў даюць магчымасці для маніпуляцый. Назіральнікі не могуць праверыць, ці сапраўды паступалі заяўкі выбаршчыкаў аб арганізацыі галасавання па месцы знаходжання, паколькі заканадаўства прадугледжвае не толькі пісьмовую, але і вусную форму такой заяўкі.
Адзначаліся выпадкі, калі выбаршчыкі не звярталіся з просьбай аб арганізацыі галасавання па месцы знаходжання і паведамлялі гэта сябрам УВК, якія ўжо прыйшлі да іх са скрыняй. Часам назіральнікам не давалі інфармацыі аб колькасці выбаршчыкаў, унесеных у спіс для галасавання па месцы знаходжання. Неаднаразова адзначана, што колькасць выбаршчыкаў, якія прагаласавалі па месцы свайго знаходжання, не супадае з колькасцю скарыстаных для гэтага бюлетэняў.
Галасаванне на выбарчых участках і падлік галасоў
Па-ранейшаму застаюцца закрытымі для назіральнікаў спісы выбаршчыкаў на ўчастках. Не створаны адзіны рэестр выбаршчыкаў. Гэта стварае ўмовы для маніпуляцый з яўкай.
У заканадаўстве не прапісаны метад падліку бюллетэняў участковымі выбарчымі камісіямі. Для падліку галасоў не прымяняецца дакладная працэдура, пры якой адзнака на кожным бюлетэні абвяшчаецца ўслых з дэманстрацыяй бюлетэня ўсім прысутным сябрам УВК і назіральнікам.
Падлік галасоў на выбарчых участках шмат у чым паўтарыў негатыўную практыку непразрыстага падліку бюлетэняў. Больш за палову назіральнікаў былі пастаўлены камісіямі ў нязручныя для назірання ўмовы, 76,9 % не маглі бачыць змест бюлетэняў. Толькі 12,2 % скаргаў, пададзеных назіральнікамі, былі разгледжаны на пасяджэннях УВК.
Абскарджванне парушэнняў выбарчага заканадаўства
Звароты і скаргі па фактах парушэнняў ВК падчас розных этапаў выбарчай кампаніі не мелі заўважнага ўплыву на практыку правядзення выбарчых працэдур. У асобных выпадках скаргі ў ЦВК на парушэнні падчас фармавання выбарчых камісій прыводзілі да заменаў у іх складзе. Аднак назіральнікам невядома ні аднаго выпадку, калі б задавальняліся скаргі на грубыя парушэнні на этапе галасавання і падліку галасоў.
Органы пракуратуры, як і на мінулых выбарах, ухіляліся ад разгляду скаргаў па сутнасці, абмяжоўваючы свой удзел, у лепшым выпадку, перанакіраваннем іх ў выбарчыя камісіі.
Суды адмаўляліся разглядаць скаргі, у тым ліку на дзеянні выбарчых камісій, калі такія скаргі не тычыліся прама прадугледжаных у ВК выпадкаў.