Місія АБСЕ: Выбары ў Беларусі не адпавядалі міжнародным стандартам
Беларусі яшчэ трэба будзе прайсці значны шлях выканання сваіх абавязанняў у правядзенні дэмакратычных выбараў.
0
Пра гэта гаворыцца ў справаздачы кіраўніка місіі назіральнікаў Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы Рэха Дзенеміча, апублікаванай на сайце ПАРЕ, піша БелаПАН.
У дакуменце адзначаецца, што прадстаўнікі асамблеі знаходзіліся ў Беларусі з 9 да 12 кастрычніка. Яны сустрэліся з кандыдатамі ў прэзідэнты або іх прадстаўнікамі, старшынёй ЦВК, кіраўніком назіральнай місіі БДІПЧ АБСЕ, прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці, міжнародных арганізацый і СМІ.
У дзень галасавання назіральнікі ПАРЕ наведалі шэраг выбарчых участкаў у Менску, Берасці, Барысаве і бліжэйшых раёнах.
Як адзначаецца ў дакладзе, міжнародная назіральная місія, куды акрамя прадстаўнікоў ПАРЕ ўваходзілі назіральнікі ад Парламенцкай асамблеі АБСЕ і Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека, прыйшла да высновы: Беларусі яшчэ трэба будзе прайсці значны шлях выканання сваіх абавязанняў па правядзенні дэмакратычных выбараў.
«У дзень галасавання выбаршчыкі маглі свабодна зрабіць свой выбар у прысутнасці шматлікіх мясцовых і міжнародных назіральнікаў, - гаворыцца ў справаздачы Дзенеміча. - Аднак працэс падліку галасоў павінен быць значна палепшаны. Выбары не абмяжоўваюцца толькі днём галасавання, таму Беларусь павінна палепшыць заканадаўчыя рамкі правядзення выбараў, каб гарантаваць стварэнне канкурэнтаздольнага палітычнага асяроддзя, што з'яўляецца адным з ключавых умоў для доўгатэрміновай дэмакратычнай стабільнасці ў краіне».
У дакладзе згадваюцца змены, унесеныя ў Выбарчы кодэкс у 2013 годзе і якія забаранілі заклікаць да байкоту выбараў. «Агулам прававыя рамкі былі ацэненыя пасля папярэдняй выбарчай кампаніі як не здольныя гарантаваць правядзенне выбараў у адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі, - падкрэсліваецца ў дакуменце. - Многія людзі, з якімі прадстаўнікі ПАСЕ сустракаліся цяпер, казалі пра тое, што, нягледзячы на дэманстраваную ўладамі гатоўнасць разгледзець рэкамендацыі БДІПЧ АБСЕ, папраўкі, унесеныя ў выбарчае заканадаўства пасля выбараў 2012 года, не ўлічылі ні адну з ключавых рэкамендацый, якія тычацца збалансаванасці складу выбарчых камісій або працэсу датэрміновага галасавання».
Сярод пазітыўных момантаў у дакладзе называецца той факт, што ў палітычных партый і грамадскіх арганізацый з'явілася права вылучаць сваіх прадстаўнікоў мінімум на адну траціну месцаў у выбарчых камісіях, а ЦВК ухваліў пастанову аб тым, што мясцовыя ўлады павінны падаваць пісьмовыя тлумачэнні аб прычынах адмовы кандыдатам ад партый і арганізацый на сяброўства ў камісіях. «Тым не менш прадстаўнікі апазіцыі паведамілі, што толькі блізу 40 з 69 тысяч месцаў былі аддадзены ім», - гаворыцца ў дакладзе.
У справаздачы таксама падкрэсліваецца, што ў краіне ўсё яшчэ няма адзінага рэгістра выбаршчыкаў, а спісы складаюцца на падставе звестак, прадстаўленых мясцовымі ўладамі.
Дзенеміч адзначае, што значная частка вышэйшых службовых асоб з выкарыстаннем адміністрацыйнага рэсурсу і рэсурсаў грамадскіх арганізацый праводзіла агітацыю за дзейнага прэзідэнта. Пры гэтым толькі міністарка працы і сацыяльнай абароны, якая ўзначальвала перадвыбарчы штаб кіраўніка дзяржавы, брала адпачынак на час агітацыйнай кампаніі.
«Дзень галасавання прайшоў спакойна і быў добра арганізаваны. На большасці выбарчых участкаў, якія наведала місія ПАРЕ, былі прадстаўнікі кандыдатаў у прэзідэнты і мясцовыя назіральнікі», - гаворыцца ў дакладзе.
Пры гэтым падкрэсліваецца, што назіральнікам на ўчастках згодна з нормамі Выбарчага кодэкса не дазваляецца набліжацца да сябраў камісіі для праверкі спісаў і подпісаў выбаршчыкаў. Сябрам назіральнай місіі ПАРЕ ў шэрагу выпадкаў не дазволілі знаходзіцца побач са сталамі, на якіх рабіўся падлік галасоў.
«Гэтая працэдура ўсё яшчэ не прапісаная дэталёва, што негатыўна адбіваецца на празрыстасці падліку галасоў і публікацыі вынікаў», - адзначае Дзенеміч.
У дакладзе таксама гаворыцца пра неабходнасць супрацоўніцтва Беларусі з ПАРЕ і Венецыянскай камісіяй для паляпшэння выбарчага заканадаўства.