Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Да пачатку галасавання засталося:

Баранавіцкі гарвыканкам не будзе друкаваць поўную інфармацыю аб выніках выбараў на ўсіх выбарчых участках горада

Баранавіцкі гарвыканкам не будзе друкаваць поўную інфармацыю аб выніках выбараў на ўсіх 68 выбарчых участках горада. Гэта вынікае з ліста за подпісам намесніка старшыні гарвыканкама Дз. Касцюкевіча, які атрымаў 7 лістапада адзін з ініцыятараў зварота грамадзян горада праваабаронца Сяргей Гоўша.

Нагадаем, што грамадскія актывісты Сяргей Гоўша, Сырыца Віктар, Вячаслаў Болбат, Віктар Мезяк, Анжаліка Камбалава, Мікалай Чарнавус, Рыгор Грык накіравалі пісьмовы зварот старшыні гарвыканкама Юрыю Грамакоўскаму, у якім прасілі апублікаваць поўную інфармацыю аб выніках прайшоўшых прэзідэнцкіх выбараў 11 кастрычніка 2015 года на ўсіх 68 выбарчых участках горада. Аўтары ініцыятывы адзначылі ў сваім звароце, што ў СМІ былі надрукаваны толькі агульныя вынікі прэзідэнцкіх выбараў, але жыхары Баранавічаў так і не ведаюць, як прайшлі выбары на ўсіх выбарчых участках горада.

У сваім адказе гарвыканкам паведамляе, што дзейнічаў згодна пастановы ЦВК ад 01.07.2015г. № 22 “Аб інфармаванні грамадзян аб рабоце па падрыхтоўцы і правядзенні выбараў Прэзідэнта РБ у 2015г.”, якая рэгламентуе, дзе і калі павінна быць размешчана інфармацыя па пытаннях падрыхтоўкі і правядзення выбараў Прэзідэнта РБ. Далей гарвыканкам падсумоўвае, што пасля паведамлення ЦВК аб выніках выбараў Прэзідэнта РБ такая інфармацыя была апублікавана на афіцыйным сайце гарвыканкама і газеце “Наш край”.

– Раней у гарвыканкаме падчас выбараў быў стэнд, дзе была табліца аб выніках выбараў на ўсіх участках. Цяпер такой інфармацыі няма. А мы ведаем, што згодна арт. 13 Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь мясцовыя ўлады і адпаведныя камісіі павінны інфармаваць грамадзян аб сваёй працы не толькі па падрыхтоўцы і правядзенні выбараў, але і аб выніках галасавання. Намеснік старшыні гарвыканкама не адказаў па сутнасці пастаўленага пытання, таму мы будзем звяртацца ў Брэсцкі аблвыканкам ці суд Баранавіцкага раёна і г. Баранавічы, – пракаментаваў Сяргей Гоўша.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары