Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Да пачатку галасавання засталося:

ЦВК выбачылася перад выбаршчыцай з Баранавічаў за дзеянні ўчастковай камісіі

Жыхарка Баранавічаў Людміла Храпік атрымала адказ за подпісам старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай, у якім Цэнтральная камісія прыносіць ёй прабачэнні за дзеянні ўчастковай камісіі на выбарчым участку № 8 (СШ № 19 г. Баранавічы, старшыня камісіі Юрый Шыманскі). У скарзе Людмілы Храпік у ЦВК указвала, што яна не пісала заяву ва ўчастковую выбарчую камісію і нават не тэлефанавала, каб прагаласаваць у дзень выбараў 11 кастрычніка па месцы знаходжання. Аднак у парушэнне выбарчага заканадаўства на яе адрас пражывання 11 кастрычніка прыйшоў са скрыняй для галасавання і прапановай прагаласаваць адзін з членаў участковай камісіі Міхаіл Ткачык. Люміла Храпік палічыла, што прыведзеныя парушэнні выбарчага заканадаўства маглі паўплываць на вынікі галасавання на выбарчым участку № 8, таму яна прасіла ЦВК разглядзець яе скаргу і прыняць меры для прадухілення парушэнняў выбарчага заканадаўства, а вынікі галасавання па месцы знаходжання на выбарчым участку № 8 прызнаць несапраўднымі.

У адказе ЦВК паведамляецца, што выбарчае заканадаўства не прадугледжвае прызнанне несапраўднымі вынікі галасавання па якому-небудзь з відаў галасавання: датэрміновым, па месцы знаходжання выбаршчыкаў або ў памяшканні ўчастка для галасавання ў дзень выбараў. У адпаведнасці з часткай 6 арт. 79 Выбарчага кодэкса РБ выбары па ўчастку для галасавання могуць быць прызнаны несапраўднымі з-за дапушчаных у ходзе выбараў або пры падліку галасоў парушэнняў Кодэкса, калі яны паўплывалі на вынікі выбараў у цэлым па рэспубліцы. Падаваць такую скаргу, сцвярджаецца ў адказе ЦВК, маюць права толькі кандыдаты ў прэзідэнты РБ.

Аднак ЦВК пацвердзіла факт, што Людміла Храпік не звярталася ва ўчастковую камісію з просьбай аб арганізацыі галасавання па месцы знаходжання. Але ЦВК адзначае, што ў адпаведнасці з выбарчым заканадаўствам просьбу аб арганізацыі такога віду галасавання могуць перадаць ва ўчастковую камісію як самі выбаршчыкі, так і іншыя асобы (сваякі, суседзі, работнікі сацыяльнай службы). У Вашай сітуацыі, падкрэслівае ЦВК, такая інфармацыя была перададзена ва ўчастковую камісію ўпраўленнем па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Баранавіцкага гарвыканкама.

ЦВК паведаміла, што ў ходзе праверкі пацвердзіўся факт арганізацыі галасавання па месцы знаходжання адным членам участковай камісіі Ткачыкам М.М., што сведчыць аб невыкананні прадпісанняў ч.2 арт. 54 Выбарчага кодэкса. У сувязі з гэтым на імя старшыні Баранавіцкага гарвыканкама Юрыя Грамакоўскага накіравана інфармацыя з патрабаваннем прыняць неабходныя меры па недапушчэнні такіх дзеянняў пры правядзенні далейшых выбарчых кампаній і звярнуць асаблівую ўвагу на ўключэнне ў склад фарміруемых камісій адказных і кампетентных асоб.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары