Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Да пачатку галасавання засталося:

Актывістка АГП правяла ў Акцябрскім пікет супраць фальсіфікацый на выбарах (фота)

«У мяне ёсць доказы фальсіфікацый на выбарах», - з такім плакатам выйшла сёння на пляцоўку каля мясцовага рынку ў Акцябрскім актывістка «Маладых дэмакратаў» АГП Алена Луцковіч. Міліцыя яе не затрымлівала.

У актывісткі сапраўды ёсць доказы фальсіфікацый, з якімі яна і грамадскі актывіст Андрэй Павук звярнуліся ў пракуратуры ўсіх узроўняў – ад раённай да Генеральнай. Але пракуратуру доказы парушэння закону не зацікавілі. І раённая, і Генеральная пракуратуры адпісаліся, што прайшлі тэрміны абскарджання вынікаў выбараў, таму «звароты пакінуты без разгляду па сутнасці».

Па галасаванні на ўчастку №2 Акцябрскага сітуацыя склалася такім чынам (па афіцыйнаму пратаколу участковай камісіі): 21 голас – за Гадйдукевіча, 226 – за Караткевіч, 707 – за Лукашэнку, 28 – за Улаховіча і 63 – супраць усіх. Гэта – на адным толькі ўчастку.

У той жа час на сайце ЦВК змешчана інфармацыя, што ўсяго ў Акцябрскім раёне за кандыдата Караткевіч аддадзена 94 галасы, а «супраць усіх кандыдатаў» прагаласавала 39 выбаршчыкаў. Тады як, насамрэч, толькі на ўчастку для галасавання №2 Акцябрскага раёна старшынёй камісіі было абвешчана 226 галасоў, пададзеных за кандыдата Караткевіч і 63 галасы «супраць усіх кандыдатаў». Усяго ў раёне быў 21 участак для галасавання.

Разам з тым -пракуратура – орган, які павінен сачыць за выкананнем заканадаўства, закрыла вочы на істотныя парушэнні Крымінальнага кодэксу.

Сітуацыя з падобным «кардэбалетам» лічбаў склалася не толькі ў Акцябрскім, але і ў Рагачове, і ў Жлобіне.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары