Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Да пачатку галасавання засталося:

“Дзяржаўныя СМІ працавалі выключна на аднаго кандыдата...”

ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” прадставіла выніковы маніторынг асвятлення прэзідэнцкай выбарчай кампаніі ў СМІ.

1. Уводзіны

Даклад падае вынікі маніторынгу асвятлення прэзідэнцкай кампаніі ў дзяржаўных і недзяржаўных медыя[1].

Маніторынг меў на мэце інфармаваць журналісцкую супольнасць краіны і выбаршчыкаў датычна:

– значнасці поўнага і ўсебаковага асвятлення выбарчага працэсу;

– важнасці прынцыпаў журналісцкай этыкі і міжнародных стандартаў пры асвятленні выбарчых кампаній;

– неабходнасці прытрымлівацца прафесійнага абавязку нескажона, неперадузята і поўна інфармаваць выбаршчыкаў пра электаральныя працэсы, праграмы кандыдатаў і меркаванні іх прыхільнікаў альбо апанентаў.

У полі ўвагі – матэрыялы, што тычыліся выбарчага працэсу, кандыдатаў ды іншых палітычных і непалітычных суб’ектаў, дзейнасць якіх у выбарчай кампаніі была заўважнай[2]. Матэрыялы аналізаваліся з пункту гледжання як колькасных, так і якасных паказчыкаў[3]. А таксама фіксаваліся выпадкі непрафесійнага, перадузятага, няпоўнага, аднабаковага альбо скажонага асвятлення, парушэння журналісцкай этыкі, адхілення ад міжнародна прызнаных стандартаў журналісцкай працы падчас выбарчых кампаній[4].

Даклад абапіраецца на дадзеныя за ўвесь перыяд маніторынгу.

 

2. Падсумаванне

У адрозненне ад прэзідэнцкай кампаніі 2010 г., дзяржаўныя медыя павялічылі ўвагу да выбарчай тэматыкі, аднак не змянілі рэальных суадносін эфірнага часу і плошчы, адведзеных прэтэндэнтам. Па-ранейшаму дамінантнай фігурай быў дзеючы Прэзідэнт краіны.

Усе кандыдаты на пасаду Прэзідэнта атрымалі бясплатны доступ да вызначаных ЦВК дзяржаўных медыя, каб наўпрост звярнуцца да выбаршчыкаў са сваімі праграмамі. Пры гэтым вызначаныя медыя не імкнуліся прыцягнуць шырокую ўвагу да выступаў прэтэндэнтаў: запланаваныя звароты не анансаваліся, а ў раскладах тэлеперадач адсутнічалі прозвішчы тых кандыдатаў, што меліся выступіць.

Разам з тым, дзяржаўныя медыя актыўна папулярызавалі шэраг недзяржаўных праўладных  арганізацый, што заявілі пра сваю падтрымку дзеючага Прэзідэнта. Галасы ж апанентаў, а таксама выбаршчыкаў, што падтрымлівалі яго супернікаў, былі нячутныя.

У асвятленні выбараў адсутнічаў выразны драматургічны пачатак, інтрыга. Канкурэнтная барацьба паміж прэтэндэнтамі фактычна стрымлівалася праз прамоцыю толькі аднаго кандыдата і адначасовае нівеліраванне хоць якіх крытычных пазіцый ды маргіналізацыю апанентаў дзеючага рэжыму.

Недзяржаўныя медыя факусіравалі сваю ўвагу галоўным чынам на асобах прэтэндэнтаў і іх праграмах. Параўнальна з іншымі альтэрнатыўнымі кандыдатамі найбольш газетнай плошчы атрымала спн. Караткевіч – новае прозвішча ў беларускай публічнай прасторы. Цікавасць да яе асобы вынікала, у тым ліку, і з канфлікту ўнутры беларускай апазіцыі датычна падтрымкі альбо непадтрымкі гэтага кандыдата.

Па завяршэнні выбарчай кампаніі дзяржаўныя і недзяржаўныя медыя падавалі кантрастныя ацэнкі працэдуры галасавання, падліку галасоў, вынікаў галасавання ды й самой выбарчай кампаніі.

3. Асноўныяфакты 3.1 Дзяржаўныя медыя

Параўнальна з прэзідэнцкай кампаніяй 2010 г., дзяржаўныя электронныя медыя павялічылі эфірны час, прысвечаны выбарчай тэматыцы. У залежнасці ад перыяду маніторынга і СМІ, ён быў альбо сувымерны часу, адведзенаму прагнозам надвор’я, спартыўным навінам альбо перавышаў іх. Напрыклад, паводле абагуленых дадзеных за перыяд 01.09.15 – 10.10.15, навінавая праграма“Панарама” (ТБ-канал “Беларусь 1”) адвяла выбарчай тэматыцы 19% часу, прагнозу надвор’я – 2,5%, спартыўным навінам – 14,5%[5]. А вось суадносіны часу ў другой папулярнай навінавай тэлепраграме“Наши новости” (ОНТ): выбарчая кампанія – 8,2%, надвор’е – 5%, спартыўныя навіны – 12,3%. Большая ўвага да выбарчай тэматыкі была характэрна і для дзяржаўных друкаваных СМІ.

Разам з тым, структура размеркавання часу і плошчы, адведзеных выбарам, істотна не змянілася. Дзяржаўныя медыя ў гэтым сэнсе прытрымліваліся сваёй традыцыйнай мадэлі асвятлення выбарчых кампаній.

Дзеючы Прэзідэнт краіны сп. Лукашэнка быў найбольш заўважнай публічнай фігурай. Так, паводле абагуленых дадзеных, праграма “Панарама” (“Беларусь 1”) адвяла яму 61% часу параўнальна з усімі астатнімі суб’ектамі маніторыну[6]. 57% часу прысвяціла праграма “Наши новости” (ОНТ). А ў навінавай праграме “Радыёфакт” (Першы нацыянальны канал Беларускага радыё)ён атрымаў 35% часу. Высокая ступень увагі да Прэзідэнта падтрымлівалася і пераважна станоўчай альбо надзвычай станоўчай ацэнкай яго дзейнасці і асобы.

Іншыя кандыдаты, паводле атрыманых часу і плошчы, не маглі супернічаць з дзеючым Прэзідэнтам. Так, у праграме “Наши новости” (ОНТ) суадносіны эфірнага часу ў адсотках былі наступныя: спн. Т. Караткевіч – 5,2%, сп. С. Гайдукевіч – 5,4%, сп. М. Улаховіч – 5,1%. Ніякіх істотных адрозненняў датычна суадносінаў часу і плошчы, адведзеных кандыдатам у іншых дзяржаўных медыя, не выяўлена. Хаця варта адзначыць, што, у адрозненне ад прэзідэнцкай кампаніі 2010 г., дзяржаўныя медыя ацэньвалі альтэрнатыўных кандыдатаў ужо не адмоўна, а пераважна нейтральна альбо станоўча.

Сярод іншых найбольш заўважных суб’ектаў маніторынгу -- Цэнтральная выбарчая камісія (ЦВК), тэрытарыяльныя камісіі, электарат і заходнія назіральнікі. Увага да ЦВК, тэрытарыяльных і ўчастковых камісій у шэрагу дзяржаўных СМІ сувымерная з увагай да альтэрнатыўных кандыдатаў, а ў некаторых – нават большая. Напрыклад, праграма “Наши новости” (ОНТ) асвятленню дзейнасці ЦВК і тэрытарыяльных камісій прысвяціла 4,3% часу, а кожнаму з альтэрнатыўных кандыдатаў – менш за 4% часу. Праграма “Радыёфакт” (Першы нацыянальны канал Беларускага радыё) адвяла ЦВК, тэрытарыяльным і ўчастковым камісіям  амаль 26% часу, а альтэрнатыўным кандыдатам – спн. Т. Караткевіч, сп. С. Гайдукевічу і сп. М. Улаховічу разам – 1,2% часу.

У некаторых дзяржаўных медыя (напрыклад, у газеце “Могилевская правда”) увага да альтэрнатыўных кандыдатаў была гэткай жа самай (альбо крыху большай), што і ўвага да такіх праўрадавых арганізацый, як Беларускі Рэспубліканскі Саюз моладзі (БРСМ), “Белая Русь” і Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі (ФПБ). Названыя арганізацыі падтрымлівалі кандыдата на пасаду Прэзідэнта сп. Лукашэнку.

Хаця ў шэрагу выпадкаў аналізаваныя медыя і надавалі дастаткова вялікую ўвагу выбаршчыкам, аднак выказванні прадстаўнікоў беларускага электарату, пададзеныя дзяржаўнымі медыя, былі нейтральныя альбо проста заклікалі ўзяць удзел у выбарах, “зрабіць свой выбар на карысць Беларусі”. Хоць якія крытычныя ацэнкі і заўвагі на адрас кандыдатаў у гэтых выказваннях адсутнічалі.

Тыя ж медыя фактычна праігнаравалі апанентаў дзеючага рэжыму. Увага да “апазіцыі” вагалася ў межах 0,5% эфірнага часу альбо ўвогуле адсутнічала. Выключэннем была газета "Беларусь сегодня",якая прысвяціла ёй 2% плошчы крытычных заўваг, і “Могилевская правда”(2,4%).

3.2 Прамы доступ

Паводле вызначанай працэдуры, зарэгістраваныя кандыдаты атрымалі магчымасць  двойчы выступіць у эфіры дзяржаўных тэлеканалаў “Беларусь 1” і “Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё”, а таксама бясплатна надрукаваць свае праграмы ў вызначаных ЦВК дзяржаўных газетах. Неабходна адзначыць, што тэлезвароты кандыдатаў адбываліся ў самы рэйтынгавы час, пачынаючы з 19.30, што сведчыць пра паляпшэнне магчымасцей данесці свае погляды да выбаршчыкаў (падчас прэзідэнцкіх выбараў 2010 г. гэтыя выступы пачыналіся ў 19.00). Што да зваротаў па радыё (з 6.10 да 7.10), дык наўрад ці з імі змагло азнаёміцца шырокае кола выбаршчыкаў.

Да таго ж дзяржаўныя друкаваныя і электронныя медыя шырока не анансавалі тэле- і радыёзвароты кандыдатаў. А праграма тэлеперадач адно пазначала: "Выступления кандидатов в президенты Республики Беларусь", не падаючы іх прозвішчаў[7]. Не пазначаны ў праграме і прозвішчы кандыдатаў, што 3 кастрычніка бралі ўдзел у тэледэбатах. Затое, анансуючы расійскі крымінальны тэлесерыял “Улицы разбитых фонарей”, тая ж праграма палічыла неабходным падаць прозвішчы персанажаў гэтага фільма: “Убиты два человека, живших в одном доме: бизнесмен Семенов и учитель физкультуры Копейкин”.

Штодзённая газета "Беларусь сегодня" друкавала праграмы кандыдатаў на пасаду Прэзідэнта. Першай была апублікавана праграма сп. Улаховіча, якая заняла плошчу ў 717см. кв. (17.09.2015), а праграма дзеючага Прэзідэнта – 919 см. кв. (18.09.2015).

Адзін з кандыдатаў на вышэйшую пасаду ў краіне, а менавіта дзеючы Прэзідэнт сп. Лукашэнка, адмовіўся ад выступаў па радыё і на тэлебачанні, а таксама ад удзелу ў тэледэбатах. Падчас свайго візіту на Беларускі металургічны завод (г. Жлобін) ён, адказваючы на пытанне датычна ўласнага рашэння, сказаў: “Ну, вы знаете, это не ново. Я каждый день, кстати, выступаю на телевидении, практически. Это не проблема. (…) Я считаю, что я должен как-то реагировать на те процессы, которые идут на практике. Ну, что я сяду на экран и буду вам рассказывать, какое у нас будет образование или здравоохранение? Тот, кто за мной следит и за моей политикой, он прекрасно знает мои подходы”.“Главный эфир” (“Беларусь 1”, 27.09.2015).

3.3 Прамоцыя аднаго кандыдата

Напярэдадні маніторынгу тэлеканал “Беларусь 1” у межах штотыднёвай нядзельнай праграмы  “Главный эфир” распачаў паказ (02.08.2015) “хроникально-документальных фильмов, рассказывающих о том, как изменилась страна за два десятилетия суверенной истории”. Цыкл пад назвай “Беларусь ХХІ”складаўсяз 10 фільмаў і не быў прымеркаваны да хоць якой значнай падзеі найноўшай беларускай гісторыі, затое надзвычай выразна і пазітыўна рэпрэзентаваў дзейнасць сп. Лукашэнкі. Дваццацігадовы тэрмін яго прэзідэнцтва быў пададзены як гісторыя здзяйсненняў і перамог. Па завяршэнні цыклу названы канал анансаваўновый проект – телевизионный документальный сериал о новейшей белорусской истории "Мы – белорусы”, які ў тым жа ключы рэпрэзентаваў гісторыю суверэннай Беларусі і дзейнасць яе кіраўніка. Першая серыя пад назвай "Энергия успеха"прысвечана “экономике – крах начала 90-х, отказ от продовольственных талонов и принятие новой программы по выходу из кризиса. А также как Беларусь стала космической державой, что о нас говорят за океаном, почему именитые гости сравнивают со Швейцарией. Вместе вспоминаем – с чего все начинали и что сумели создать. Вместе.”.

Цягам практычна ўсяго агітацыйнага перыяду навінавая праграма “Панарама” ТБ-канала “Беларусь 1” дэманстравала адмысловыя сюжэты пад назвай “Мы сделали это вместе”, якія распавядалі пра стварэнне культурных, сацыяльных, медыцынскіх, адміністрацыйных, спартыўных ды іншых цэнтраў і збудаванняў па ўсёй краіне. Кантэкстуальна альбо наўпрост гэтыя сюжэты адсылалі да дваццацігадовага прыяду прэзідэнцкай дзейнасці сп. Лукашэнкі.

Газета “Наша Ніва” (23.09.2015) падлічыла частотнасць найбольш характэрных слоў, што выкарыстоўваюцца ў праграмах кандыдатаў у прэзідэнты. “У Аляксандра Лукашэнкі,– піша тыднёвік,– пераважаюць словы “мы/нас/нам” (53 разы)”. Далей “ідзе “Беларусь” (27 разоў)”.Адзначым таксама, што ключавым словам з’яўляецца і “ВМЕСТЕ”, пададзенае ў праграме кандыдата вялікімі літарамі: “ВМЕСТЕ мы создали независимую Беларусь! ВМЕСТЕ мы преодолеем любые невзгоды! ВМЕСТЕ мы построим счастливую и процветающую страну!”

Характэрна, што агульнанацыянальны канал ОНТ ладзіў трансляцыю акцыі пад назвай “Мы вместе”, выкарыстоўваючы графічны знак (лагатып) у выглядзе галачкі ў форме літары “V” лацінскага алфавіту, размаляванай у арнамент і колеры дзяржаўнага сцяга”. І, як адзначыла кандыдат Т. Караткевіч, “ідэнтычны элемент афармлення выкарыстоўваецца і ў агітацыйнай кампаніі кандыдата Лукашэнкі…”.

 У заключны перыяд агітацыйнай кампаніі праграма “Радыёфакт” (23.09.2015, Першы нацыянальны канал Беларускага радыё) распачала серыю гутарак з беларускімі навукоўцамі пад назвай “Выбіраем Беларусь”. Прагучала інтэрв’ю з палітолагам А. Дзермантам, прысвечанае ўмацаванню беларускага суверэнітэту. Галоўная заслуга ўмацавання суверэнітэту, парадку ў краіне, як лічаць суразмоўцы, належыць дзейнасці кіраўніцтва краіны.

Відавочна, што вышэйшае кіраўніцтва персаніфікуе дзеючы Прэзідэнт сп. А.Лукашэнка. Інтэрв’ю карэлюе з тэлесерыялам “Беларусь ХХІ”, дзе выкарыстоўваецца тая самая мадэль пазітыўнай рэпрэзентацыі дзеючага Прэзідэнта праз дваццацігадовую гісторыю суверэннай Беларусі. А ў аналагічным сюжэце названай праграмы Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё ад 30.09.2015 журналіст фактычна пераказваў альбо цытаваў у перакладзе на беларускую мову цэлыя абзацы з праграмы дзеючага Прэзідэнта.

Журналіст: “У аснове беларускай эканамічнай мадэлі заўсёды быў прынцып даць кожнаму чалавеку магчымасць зарабляць сваёй працай на годнае жыццё. Таму ў любыя сусветныя крызісы, а спачатку 90-х Беларусь прайшла не праз адзін з іх, сэнсам дзяржаўнай палітыкі было захаваць прадпрыемствы і працоўныя месцы для людзей. Такі падыход застаецца і падчас цяперашніх праблем у сусветнай эканоміцы.”

З перадвыбарчай праграмы А. Лукашэнкі:“Дать каждому человеку возможность зарабатывать на достойную жизнь своим трудом – этот принцип изначально был положен в фундамент белорусской экономической модели. Сохранить предприятия, рабочие места для людей, несмотря на любой кризис, – всегда было главным смыслом нашей политики…”

Журналіст: “Таму кіраўніцтва Беларусі ўжо зараз выстройвае планы на будучыню. Так, у эканоміцы вызначаны тры стратэгічныя мэты: занятасць, экспарт, інвестыцыі. Занятасць – гэта стабільнасць у грамадстве, калі кожны мае магчымасць зарабіць сабе на жыццё. Экспарт – стабільнасць эканомікі, моцны рубель і нізкая інфляцыя, а інвестыцыі – гэта развіццё краіны.”

З перадвыбарчай праграмы А. Лукашэнкі:“Занятость – это стабильность общества и благополучие людей, возможность каждому заработать себе на достойную жизнь своим трудом. Экспорт – это стабильность экономики, крепкий рубль, низкая инфляция, сбалансированный бюджет. Инвестиции – это развитие страны, новые технологии и новое качество жизни для каждого белоруса”.

Журналіст:Як чакаецца, усе гэтыя меры – эфектыўнае дзяржаўнае кіраванне плюс прыватная ініцыятыва плюс добрасумленная праца беларусаў – і забяспечаць нашай краіне новы эканамічны прарыў у бліжэйшыя гады.”

З перадвыбарчай праграмы А. Лукашэнкі:“Все перечисленные меры в совокупности обеспечат нашей стране новый экономический прорыв за счет сочетания эффективного государственного управления, частной инициативы и добросовестного труда наших людей”.

І, нарэшце, у праграме “Наши новости” (ОНТ, 29.09.2015)адзін з сюжэтаў быў прысвечаны рэкорду 16-гадовай беларускі на спаборніцтвах па паўэрліфтынгу. Журналіст: “Впрочем, не только спортивными успехами запомнит Александру испанская столица. В Мадриде девушка выступала в весьма заметной футболке”.Далей гераіню паказваюць у спартыўнай зале. Яна расшпільвае кофту, пад якой на t-shirt  партрэт сп. А.Лукашэнкі з надпісам “Alexander Lukashenko. The Powerful President of the Powerful Country”. Спартсменка кажа: “Это была моя идея, так как я уважаю Александра Григорьевича. Это сильный человек. Я уважаю его политику”. Падобнай агітацыі на карысць іншых кандыдатаў у праграме не было выяўлена.

Прыведзеныя вышэй выпадкі можна ахарактарызаваць як эфекты медыя[8]. У іншай тэрміналогіі – гэта прыклады прыхаванай альбо непрыхаванай агітацыіі на карысць аднаго з кандыдатаў.

Па завяршэнні выбарчай кампаніі названыя вышэй ды іншыя адмыслова падрыхтаваныя медыйныя прадукты зніклі з эфіру, а час, адведзены ў праграмах навінаў дзеючаму Прэзідэнту, заўважна скараціўся. Так, напрыклад, сумарны эфірны час, адведзены яму ў двух выпусках праграмы “Наши новости” (ОНТ) пасля дня галасавання (14 і 15 кастрычніка) быў у 6 разоў меншы параўнальна з выпускамі той жа праграмы напярэдадні выбараў (7 і 8 кастрычніка). У праграме “Радыёфакт”(Першы нацыянальны канал Беларускага радыё) ён скараціўся амаль у 5 разоў (параўнанне рабілася ў тыя ж самыя даты, адзначаныя вышэй). Гэткая ж тэндэнцыя характэрная і для штодзённай навінавай праграмы “Панарама” (“Беларусь 1”), якая па завяршэнні выбарчай кампаніі вярнулася ў звыклы часавы фармат (40 хвілін). Да галасавання яна звычайна доўжылася больш за гадзіну.

3.4 Недзяржаўныя медыя

Абагуленыя дадзеныя асвятлення выбарчай кампаніі паказваюць, што інтэрнэт-газета www.naviny.by канцэнтравала сваю ўвагу перадусім на праграмах і асобах кандыдатаў. Прычым ацэнкі ўсіх кандыдатаў надзвычай збалансаваныя: дамінуе нейтральнае стаўленне; разам з тым, прысутнічаюць пазітыўныя і негатыўныя ацэнкі. Найбольш плошчы атрымала спн. Караткевіч (амаль 13%), сп. Улаховіч (амаль 10%), сп. Гайдукевіч (5,5%). і сп. Лукашэнка (5,4%). Надалей – апазіцыя (7,4%) і ўчастковыя камісіі (6%).

Газета “Народная Воля”крытычна і негатыўна пісала пра ўсіх кандыдатаў. А найбольшую ўвагу надала апазіцыі (амаль 22%), дзейнасць якой ацэньвала як нейтральна, так негатыўна і пазітыўна.

Тыднёвік“Наша Ніва” найбольш пісаў пра сп. Лукашэнку (амаль 42%) і спн. Караткевіч (17%), характарызуючы іх пераважна нейтральна, але таксама і адмоўна.

“Комсомольская правда в Белоруссии”выключна нейтральна паставілася да ўсіх кандыдатаў і амаль пароўну размеркавала адведзеную ім плошчу.

Названыя выданні не падтрымлівалі каго-небудзь з кандыдатаў персанальна.

3.5 Ацэнкі выбарчай кампаніі

Дзяржаўныя медыя, як у асобах журналістаў, так і суразмоўцаў, якім яны далі слова, надзвычай пазітыўна ацанілі выбарчую кампанію.

Інфармацыйны рэсурс БелТА: Белорусы на президентских выборах проголосовали за стабильность и спокойствие – мнение Никто не может сегодня упрекнуть руководство государства в закрытости выборов, отсутствии альтернативы. В новейшей истории Беларуси такой свободы и таких возможностей для предвыборной агитации в трудовых коллективах и СМИ у кандидатов в президенты еще не было”,-- сказаў Вячаслаў Шаршуноў, рэктар Магілеўскага дзяржаўнага універсітэта харчавання.

Надзвычай спакойны характар кампаніі палітычны аналітык сп. А. Шпакоўскі растлумачыў так: “Это вторая кампания в истории суверенной Беларуси – первая была в девяносто четвертом году, когда в качестве зарегистрированных кандидатов отсутствуют хулиганы, призывающие к организации массовых беспорядков по итогам выборов…” “Панарама” (“Беларусь 1”, 12.10.15).

Дзяржаўныя медыя звярнулі ўвагу на атмасферу ў дзень галасавання і на яўку выбаршчыкаў.

“Атмосфера на избирательных участках в Беларуси была спокойной и праздничной – Лебедев”. А Аляксандр Іваноўскі, першы прарэктар Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце РБ адзначыў: «Явка, действительно, мощная и беспрецедентная. Некоторые граждане, которые находятся за пределами нашей страны и которых здесь вообще не было, даже не поверили, что такое бывает. Они сказали примерно такие слова, что в Европе никто так не голосует”. “Панарама” (“Беларусь 1”, 16.10.15).

Супернікі дзеючага Прэзідэнта прызналі фактычную безальтэрнатыўнасць выбараў і прадвызначанасць іх вынікаў. "Все-таки мы прекрасно понимаем, что один из патриотов – сегодня самый главный на этой сцене – наш уважаемый Президент Александр Григорьевич. Он доказал в очередной раз, что не только способен, но и незаменим сегодня на нашей белорусской земле",сказаў сп. Улаховіч

А сп. Гайдуевіч адзначыў: “Реально надо понимать, что люди в РБ в это сложное время ничего не хотели изменить в руководстве страны” .“Панарама” (“Беларусь 1”, 12.10.15). Што да спн. Караткевіч, дык яна не змагла агучыць свае меркаванні. Журналіст названай праграмы адно паведаміў:“А вот в штабе Татьяны Короткевич всю ночь и сегодня днём царило разочарование. Проиграли “безымянному кандидату – против всех. А значит, достучаться до этого избирателя команда не смогла”(Там жа).

Безальтэрнатыўнасць выбараў ад імя выбаршчыкаў засведчыў у сваёй калонцы і рэдактар газеты “Беларусь сегодня”“Какое решение может принять нормальный зрелый мужик, протрубивший двадцать лет на заводе, имеющий семью и понимающий что почем? Отдать голос за Гайдукевича? За Улаховича? За Короткевич? Вверить им свою судьбу. Но он прочитал их биографии, их программы и понимает, что голосование за этих приятных людей было бы с его стороны непростительной детской выходкой”. “Беларусь сегодня” (13.10.2015).

Пададзеныя дзяржаўнымі медыя ацэнкі працэсу галасавання былі таксама станоўчыя. Паводле слоў члена місіі назіральнікаў ад СНД, кіраўніка дэлегацыі парламенцкага схода Беларусі і Расіі Леаніда Слуцкага, “…да, в некоторых избирательных комиссиях были “сказочники” среди наблюдателей, которые говорили о том, что дескать в ходе досрочного голосования цифры не сходятся, проголосовало значительно меньше людей, нежели отражено в журналах.

Тут же смотрели журналы, тут же другие наблюдатели эти измышления опровергали, так что внести через досрочное голосование ложку дегтя в оценку этих выборов не удалось” . “Радыёфакт” (Першы нацыянальны канал Беларускага радыё, 3.10.2015 ).

Усё ж некаторыя недахопы былі выяўлены. “Альянс миссий наблюдателей отмечает хорошую организацию выборов в Беларуси.Роберта Бонацци рассказала о некоторых недостатках, которые заметили наблюдатели альянса. Эти недочеты несущественны, касаются конструкции урн, формата избирательных бюллетеней. Если их устранить, это поспособствует повышению прозрачности избирательного процесса, полагает эксперт”.  А таксама“Процесс голосования положительно оценен миссией ОБСЕ в 95% случаев.Предварительные выводы гласят: "Были отмечены некоторые процедурные проблемы. Общая прозрачность избирательного процесса получила негативную оценку в 3% отчетов. Миссия также отмечает, что большому количеству наблюдателей не позволили проверить списки избирателей. А там, где это было разрешено, члены миссии "обнаружили предположительно одинаковые подписи". Также в предварительном заключении говорится о фиксации признаков вброса бюллетеней. Но наблюдатели заявили именно о признаках, а не о фактах вбросов”

Недзяржаўныя медыя падавалі, аднак, адрозную версію ацэнкі выбараў з боку АБСЕ.“Назіральнікі АБСЕ: падлік галасоў быў несумленным”. “Намеснік старшыні Парламенцкай асамблеі АБСЕ Кент Хэрстэт: Вызваленне палітвязняў  і сардэчны падыход да назіральнікаў з'яўляюцца пазітыўнымі момантамі. Аднак тая надзея, якую нам гэта дало, не спраўдзілася. Улічваючы папярэднія абяцанні, я асабліва расчараваны недахопам падчас падліку і сумавання галасоў”.

“У справаздачы БДІПЧ  АБСЕ адзначаецца: “Працэс падліку галасоў быў ацэнены адмоўна на 30% участкаў, дзе праводзілася назіранне, што паказвае на значныя праблемы. Працэс сумавання вынікаў галасавання быў ацэнены як негатыўны і пазбаўлены празрыстасці на 25% выбарчых участкаў, дзе былі назіральнікі”.Народная Воля” (13.10.2015).

“Правозащитники: выборы в Беларуси проходили с серьезным нарушением международных стандартов.“Но все же избирательный процесс проходил с серьезным нарушением ряда основных важных международных стандартов проведения свободных демократических выборов, — заявил Гулак. — На наш взгляд, он не в полной мере соответствовал и белорусскому законодательству — в части массового досрочного голосования. Самым серьезным основанием для критики является непрозрачность подсчета голосов”. 

Рэакцыю спн. Караткевіч усё ж агучыла інтэрнэт-газета www.naviny.byТатьяна Короткевич: не могу признать полной победы Лукашенко.Короткевич подчеркнула, что официальные результаты и данные наблюдателей не совпадают. По ее словам, это делает невозможным точно определить кто и сколько голосов набрал. 
Политик отметила, что за мирные перемены в Беларуси (лозунг ее предвыборной программы) отдали голоса как минимум 20% совершеннолетних граждан страны. 
“Я не признаю результаты выборов, поэтому не могу признать полной победы Лукашенко”, — подчеркнула экс-кандидат”.

“БДИПЧ ОБСЕ: Беларуси предстоит еще значительный путь к демократическим выборам.“Это очевидно, что перед Беларусью длинный путь, чтобы выполнить все демократические обязательства, — сказал специальный координатор миссии краткосрочных наблюдателей Парламентской ассамблеи ОБСЕ на президентских выборах в Беларуси, заместитель председателя ПА ОБСЕ Кент Харстед. — Освобождение политзаключенных и радушный подход к наблюдателям являются позитивными моментами. Однако та надежда, которую нам это дало, не сбылась. Учитывая предыдущие обещания, я особенно разочарован недостатками во время подсчета и суммирования голосов. Мы надеемся, что белорусское правительство проявит политическую волю для полноценного процесса реформ, в чем мы готовы оказать поддержку”

4. Высновы

Параўнальна з папярэднімі выбарамі, гэтая кампанія была надзвычай “ціхай”, што сталася магчымым праз адсутнасць рэальнай канкурэнтнай барацьбы, публічнага абмеркавання сур’ёзных эканамічных праблем, праз маргіналізацыю апанентаў рэжыму, а таксама цэнзураванне хоць якіх крытычных выказванняў на адрас дзеючага кіраўніка краіны з боку выбаршчыкаў у дзяржаўных медыя. Да таго ж гэтыя медыя разгарнулі шэраг праектаў, якія рэпрэзентавалі дваццацігадовую гісторыю суверэннай Беларусі і сённяшнюю сітуацыю ў краіне як гісторыю поспехаў і здзяйсненняў.

Павышаная ўвага дзяржаўных медыя да тэхнічнага боку выбарчай кампаніі (падрыхтоўка памяшканняў для галасавання, дзейнасці мясцовых улад, тэрытарыяльных камісій і г.д.) – яшчэ адзін характэрны элемент выбарчага працэсу, скіраванага на яго дэпалітызацыю, на змяншэнне заангажаванасці выбаршчыкаў у канкурэнтную барацьбу паміж рознымі палітычнымі сіламі і платформамі.

У адрозненне ад дзяржаўных, недзяржаўныя медыя былі арыентаваныя на асвятленне як дзейнасці кандыдатаў, так і апанентаў дзеючага рэжыму. Аднак аніяк не маглі паўплываць на характар выбарчай кампаніі ў краіне з прычыны абмежаваных накладаў і атмасферы прадвызначанасці вынікаў выбараў.

Рознасць мадэляў асвятлення выбарчых кампаній у дзяржаўных і недзяржаўных медыя надзвычай добра дэманструюць і тыя ацэнкі выбараў, што гэтыя медыя распаўсюджвалі пасля дня галасавання.

Ілюстрацыі да справаздачы -у далучаным PDF-файле

Метадалогія маніторынгу -у далучаным файле

[1] Аб’ектамі маніторынгу сталі  навінавая праграма “Панарама” (“Беларусь 1”); навінавая праграма “Наши новости” (ОНТ); штотыднёвая праграма “Главный эфир” (“Беларусь 1”); праграма”Радыёфакт” (Першы нацыянальны канал Беларускага радыё);праграма “Навіны-рэгіён” (ТРК “Магілёў”); Абласное радыё (ТРК “Магілёў”); інтэрнэт-рэсурсы www.naviny.by і www.belta.by;друкаваныя СМІ Беларусь сегодня”, “Народная воля”, “7 дней”, “Наша Ніва”, “Комсомольская правда в Белоруссии” (“Таўстушка”), “Могилёвская Правда”.

[2] Спіс суб’ектаў маніторынгу складаюць 51 дзеючую. асобу.

[3] Гл.: Дадатак (Метадалогія).

[4] Дакументамі, на падставе якіх ажыццяўляўся якасны аналіз, з’яўляюцца: Кодэкс журналісцкай этыкі (Прыняты ў 2006 годзе на з'ездзе БАЖ)Дэкларацыя прынцыпаў прафесійнай этыкі журналіста;Освещение выборов в СМИ (Беларусь). Редакция 2015 г.Международные стандарты освещения выборов в СМИ.

[5] У 2010 г., падчас найбольш актыўнай фазы выбарчай кампаніі, названая праграма адвяла выбарчай тэматыцы амаль удвая меней часу – 10,6%.

[6] Лічбы эфірнага часу і плошчы, якія падаюцца ў адсотках, не з’яўляюцца абсалютнымі. Яны паказваюць на долю часу альбо плошчы, вызначаных  таму ці іншаму актару адносна ўсіх астатніх суб’ектаў маніторынгу. Дарэчы, між іншым заўважым, што пад увагу бралася дзейнасць 52 актараў выбарчага працэсу.

[7] Праграма радыёперадач падавала: “Выступления кандидатов на пост Президента Республики Беларусь”.

[8] Пад гэтым тэрмінам мы разумеем выпадкі аднабаковага і тэндэнцыйнага асвятлення, неабгрунтаваных інтэрпрэтацый, наўмыснага  альбо ненаўмыснага (падсвядомага) скажэння інфармацыі, селектыўнага ці фрагментарнага адлюстравання рэчаіснасці, а таксама замоўчванне падзей і фактаў, што змяняюць альбо могуць змяніць грамадскае  бачанне сітуацыі, і тым самым паўплываюць на электаральны выбар.

ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў".


Каментары