Брэсцкія назіральнікі чакаюць з пракуратуры адказаў на свае скаргі
Назіральнік на ўчастку № 7 Маскоўскага раёна Брэста Уладзімір Вялічкін падаў скаргу ў пракуратуру з просьбай праверыць разыходжанне ў падлікаў колькасці прагаласаваўшых выбаршчыкаў на другі дзень датэрміновага галасавання ў 55 галасоў. У трох незалежных назіральнікаў было зафіксавана на 55 чалавек менш, чым па дадзеных выбарчай камісіі. У.Вялічкін таксама адзначыў, што старшыня камісіі адмовілася паведаміць яму інфармацыю пра спосаб вылучэння назіральнікаў на ўчастку №7, якіх на той час было акрэдытавана 16. Таксама ён указвае ў заяве, што ўчастковая выбарчая камісія была выбудавана па прынцыпе працоўнага падпарадкавання: старшыня камісіі – загадчыца дзіцячага садка, а сябры камісіі – работнікі гэтага садка.
На ўчастку №7 Уладзімір Вялічкін змог назіраць толькі тры дні датэрміновага галасавання, пасля чаго быў пазбаўлены акрэдытацыі з фармулёўкай: перашкаджаў працы камісіі, ствараў канфліктныя сітуацыі. Гэта адбылося пасля таго, як ён агучыў зафіксаванае разыходжанне ў падліку прагаласаваўшых выбаршчыкаў.
Пасля выбараў наконт непразрыстасці падліку звярнуўся ў пракуратуру і назіральнік з выбарчага ўчастка №18 у Брэсце Ігар Набойчанка: вынікі падліку не агучваліся па кожнай скрыні, і назіральнікі даведаліся толькі агульныя лічбы; “рэальны падлік галасоў” дазволена было бачыць на адлегласці 6 метраў.
Зараз назіральнікі чакаюць адказаў.