Брэст: гарадская пракуратура адмовілася распачынаць справу аб фальсіфікацыі на выбарах
У сваіх заявах у гэты наглядны орган назіральнікі ад Руху “За Свабоду” Дзяніс Турчаняк і Сяргей Вакуленка ўказвалі на факты парушэнняў заканадаўства падчас прэзідэнцкіх выбараў.
На трох участках у Брэсце, калі адбывалася датэрміновае галасаванне, мясцовыя прыхільнікі Руху “За Свабоду” ладзілі адмысловы эксперымент: атрыманыя выбарчыя бюлетэні пакідалі сабе, а ў скрыні для галасавання апускалі звычайныя аркушы паперы. Аднак падчас падліку галасоў на ўчастках №53 і №60 гэтых аркушаў у скрынях не было, што, паводле словаў Дзяніса Турчаняка, дае падставы сцвярджаць, што скрыні для датэрміновага галасавання ўскрываліся і адбывалася падмена выбарчых бюлетэняў.
“Разам з Сяргеем Вакуленкам мы напісалі заяву ў гарадскую пракуратуру, каб тая распачала крымінальную справу паводле факта падробкі дакументаў, звязаных з выбарамі, і наўмысна няправільным падлікам галасоў”, - распавёў Дзяніс Турчаняк. Аднак пракуратура адмовілася разглядаць заяву назіральнікаў і перанакіравала яе ў тэрытарыяльную выбарчую камісію Маскоўскага раёна Брэста. У адказе адтуль паведамляецца, што выбары на ўчастку, дзе Турчаняк быў назіральнікам, адбыліся ў адпаведнасці з нормамі Выбарчага кодэксу.
Дзяніс Турчаняк лічыць, што гарадская пракуратура парушыла Крымінальна-працэсуальны кодэкс, калі замест праверкі па сутнасці прыведзеных у заяве фактаў перанакіравала гэтую заяву назіральнікаў ва ўстанову (тэрытарыяльны выбаркам), якая не мае кампетэнцыі распачынаць крымінальную справу. Зараз Турчаняк абвесціў, што будзе звяртацца па гэтай справе ў пракуратуру Брэсцкай вобласці.