У Брэсце на скаргі мясцовых назіральнікаў наконт парушэнняў выбарчага заканадаўства атрыманы адмоўныя адказы
Як паведаміла прадстаўніца абласной арганізацыі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Святлана Алесюк, асноўныя заўвагі ў скаргах тычыліся працэдуры падліку галасоў.
“Практычна на ўсіх участках, дзе назіральнікамі былі актывісты нашай партыі, зафіксаваны парушэнні, якія адбываліся падчас падліку галасоў, - кажа Святлана Алесюк. - Найбольш прэтэнзій назіральнікі выказвалі наконт таго, што яны проста не мелі рэальнай магчымасці бачыць, як сябры камісіі робяць падлік, бо назіральнікам загадалі знаходзіцца на адлегласці пяці метраў ад стала, дзе былі выбарчыя бюлетэні”. Аднак, паводле прадстаўніцы БСДП (Г), на ўсе скаргі былі атрыманы фармальныя адказы ад старшыняў участковых камісій: маўляў, парушэнняў выбарчага заканадаўства няма.
“Мы не згодныя з такой фармулёўкай, бо лічым, што былі парушаны правы грамадзян – незалежных назіральнікаў, і накіравалі скаргі ў тэрытарыяльныя выбаркамы, а таксама ў пракуратуру горада Брэста. Спадзяемся, што наглядны орган адрэагуе на нашы звароты, і адказ будзе па сутнасці”, - распавяла Алесюк.