Салігорскія праваабаронцы: выбары ў рэгіёне не былі дэмакратычнымі і свабоднымі
Салігорскія прадстаўнікі Беларускага Хельсінкскага Камітэту заяўляюць, што выбарчы працэс у рэгіёне не адпавядаў шэрагу ключавых міжнародных стандартаў правядзення дэмакратычных і свабодных выбараў. Найбольшую крытыку салігорскіх праваабаронцаў, зрэшты, як і незалежных назіральнікаў па ўсёй краіне, па-ранейшаму выклікае непразрыстая працэдура падліку галасоў.
Праваабаронцы адзначаюць фактычную адсутнасць аб’ектыўнага і ўсебаковага асвятлення выбарчай кампаніі ў рэгіёне на ўсіх яе этапах. Дзяржаўныя медыі вялі амаль непрыхаваную агітацыю за дзеючага кіраўніка краіны, у той час як ахоп аўдыторыі нешамтлікіх незалежных рэгіянальных медыяў заставаўся непараўнальна малым.
Фактаў рэпрэсій і затрыманняў пад час выбарчай кампаніі ў рэгіёне праваабаронцы не зафіксавалі, але казалі пра існаванне абмежаванняў на збор подпісаў за кандыдатаў у прэзідэнты ў шматлюдных месцах. Пры гэтым для зобру подпісаў за дзеючага кіраўніка краіны ўлады актыўна выкарыстоўвалі адміністрацыйны рэсурс праўрадавых грамадскіх арганізацый, кшталту Белай Русі, БРСМ і ФПБ, фінансуемых з дзяржаўнага бюджэту.
Фармаванне выбарчых камісій на Салігоршчыне насіла цалкам фармальны характар ды адбывалася па загаддзя напісаным уладамі сцэнары. Ніводны прадстаўнік апазіцыі ці незалежных грамадскіх структур у склад камісій уключаны не быў. Гэта тычыцца і Салігорскай раённай выбарчай камісіі, і ўчастковых выбркамаў. Як і ў мінулыя гады, склад участковых выбаркамаў фармаваўся з работнікаў адной установы ці прадпрыемства, кіраўнік якога адначасова з’яўляўся старшынём камісіі.
Варта адзначыць, што агітацыйная кампанія ў рэгіёне праходзіла надзвычай пасіўна. Салігорскія прадстаўнікі БХК кажуць пра малую актыўнасць кандыдатаў і іх каманд. Пабачыць у беларускай сталіцы шахцёраў нейкую друкаваную прадукцыю ці іншыя агітацыйныя матэрыялы кандыдатаў было няпроста. Сустрэчы з выбарцамі ладзілі толькі Таццяна Караткевіч і давераныя асобы Аляксандра Лукашэнкі. Кандыдаты Гайдукевіч і Улаховіч Салігоршчыну сваёй увагай абмінулі.
Па афіцыйных дадзеных датэрмінова ў Салігорскім раёне прагласавала 44,7% выбарцаў ад агульнай колькасці тых, што прынялі ўдзел у галасаванні. Яшчэ 5,3%, па дадзеных ЦВК, аддалі свае галасы па месцы жыхарства. Афіцыйна толькі палова ўдзельнікаў галасавання зрабілі свой выбар у асноўны дзень на ўчастку. Пры гэтым неабходна адзначыць мноства сведчанняў незалежных назіральнікаў аб прымусе выбарцаў да датэрміновага галасавання. Пракантраляваць жа бяспеку захавання бюлетэняў у скрынях для такога галасавання назіральнікі не мелі магчымасці, звароты аб усталяванні відэарэгістратараў на ўчастках камісіямі адіхляліся.
Асноўную крытыку незалежных назіральнікаў на выбарчых участках Салігоршчыны выклікала па-ранейшаму абсалютна непразрыстая працэдура падліку галасоў. Назіральнікаў не падпускалі блізка да месца падліку, і тыя не маглі бачыць адзнакі ў бюлетэнях. Дакладную колькасць галасоў за кандыдатаў не пралічвалі і сябры камісіяў, бо кожны з іх калькуляваў толькі нейкую сваю невялікую частку бюлетэняў. Фактычна ж усе падлікі рабілі сакратар сумесна са старшынём камісіі. Прадстаўнік БХК у салігорскім рэгіёне Леанід Мархотка з сумам адзначае, што назваць такі працэс падліку галасоў галосным і празрыстымі немагчыма, асабліва ва ўмовах выяўлення фальсіфікацыі яўкі на многіх ўчастках з паралельным незалежным падлікам колькасці выбарцаў.
Варта адзначыць, што ніводная са скаргаў незалежных назіральнікаў у Салігорскім раёне ні ўчастковымі камісіямі, ні раённай камісіяй, ні ЦВК, ні нават пракуратурай задаволеныя не былі.
“Праваабаронцы за свабодныявыбары”