ТВК Кастрычніцкага раёна Гродна дала адказ на скаргу назіральніка толькі праз 6 дзён
Незалежны назіральнік Уладзімір Хільмановіч, які падаваў скаргу ў тэрытарыяльную выбарчую камісію 9 кастрычніка, атрымаў пісьмовы адказ толькі 15 кастрычніка. Скарга назіральніка датычыла адмовы ўчастковай камісіі №14 прадставіць звесткі пра агульную колькасць выбарцаў, унесеных у спісы для галасавання.
У афіцыйным адказе за подпісам старшыні ТВК Кастрычніцкага раёна Гродна Сяргея Сямашкі сказана: “Ваше требование о предоставлении информации, об общем количестве избирателей на участке, необоснованно и незаконно”. Уладзімір Хільмановіч катэгарычна не згодзен з такой трактоўкай артыкулу 13 Выбарчага кодэксу, ён лічыць, што такі адказ сведчыць пра непразрыстасць выбарчага працэсу. Звяртае на сябе ўвагу і той факт, што ТВК Кастрычніцкага раёна пагрэбавала беларускай мовай, даўшы адказ не на мове звароту заяўніка і такім чынам парушыўшы заканадаўства.
Адказ на аналагічную скаргу, дасланую ў ЦВК яшчэ 8 кастрычніка, Уладзімір Хільмановіч не атрымаў дагэтуль.