"Мне хацелася плакаць і ванітаваць ад таго, што адбываецца"
Уражанні маладога магілёўскага юрыста, якая ўпершыню паспрабавала сябе ў якасці назіральніцы за выбарамі прэзідэнта Беларусі.
Насце Тарасенцы 23 гады. Юрыдычную адукацыю яна атрымала ў Горацкай БДСГА, цяпер яна адпрацоўвае на адным з аграпрамысловых комплексаў Магілёўскай вобласці. Пра тое, чаму яна вырашыла пайсці назіральнікам і што з гэта атрымалася, дзяўчына распавяла карэспандэнту «Магілёўскай вясны».
Стаць назіральнікам на выбарах прапанаваў мой лепшы сябар. Падумала, чаму не. Мне было цікава, ці сапраўды ў нас усё так дрэнна, як распавядаюць іншым разам тыя ж праваабаронцы, апазіцыйныя журналісты. У выніку я атрымала акрэдытацыю як назіральнік ад РПГА «Беларускі Хельсінскі Камітэт» на выбарчы ўчастак №117, які размесціўся ў абласным Доме культуры. Са мной таксама быў назіральнік ад Магілёўскага праваабарончага цэнтра Барыс Леанідавіч Бухель. Ён адкрыў мне вочы на вельмі многія моманты ў нашай дзяржаве і, у прыватнасці, выбарчай сістэме, за што яму вялікі дзякуй.
Сядзець было не сумна. Людзі з камісіі ўсім саставам працавалі на «Магілёўхімвалакно». Падчас датэрміновых выбараў, калі выбаршчыкаў было няшмат, яны ахвотна размаўлялі паміж сабой і з намі. Многія скардзіліся, што на прадпрыемстве зараз маленькія зарплаты, скарочаныя працоўныя тыдні. Некаторыя нават пыталіся ў Барыса Леанідавіча ці мяне саветаў, якія тычацца працоўных адносін. Мне здаецца, такія размовы патрэбныя - пастаянныя размовамі з людзьмі, і расповедам, дзе парушаюць іх правы, дзе іх падманвае дзяржава і чыноўнікі, як адбываюцца фальсіфікацыі на выбарах, можна дабіцца таго, што самі яны не будуць парушаць кодэксы і законы. Хоць парадокс у тым, што многія з іх сапраўды лічаць, што тое, што яны робяць - законна і нармальна.
ФАЛЬСІФІКАЦЫІ
З аўторка па суботу, падчас датэрміновых выбараў, мы праз кожныя дзесяць подпісаў спраўджваліся з дадзенымі камісіі і ў нас усё супадала. Увечары10 кастрычніка мы налічылі, што прагаласаваць датэрмінова вырашыла 370 чалавек. Шчыра кажучы, я была натхнёная, мне было неяк добра: камісія была прыязнай, усё чысценька, ніякага падману. І тут старшыня камісіі вывешвае выніковы пратакол. А там - 565 чалавек. Яны тупа дапісалі лішнія 195 чалавек, якіх не было і ў памоўцы. Я была ў шоку. Мне было настолькі брыдка, мяне трэсла, я была злая, расчараваная і наогул ... не ведаю, як гэта апісаць. Людзі табе ўсміхаюцца, а потым гледзячы ў вочы робяць з цябе дурылку. Я пачала нешта казаць, ці ледзь не крычаць, але старшыня камісіі адводзіў вочы і ўцёк адтуль.
Фу, я ішла дадому, мне ажно ванітаваць і плакаць хацелася ад крыўды. Ну вось навошта ім гэта? Навошта яны бяруць сабе грэх на душу, калі іх кандыдат і так відавочна выйграе выбары? Хоць, як я зразумела з іх размоў, большая частка камісіі не ўдзельнічала ў гэтым - толькі старшыня, яго намеснік і сакратар. Астатнія нават дзівіліся лічбы ў 565 чалавек.
ГАЛАСАВАННЕ ПА ХАТАХ
Супакоілася я толькі на наступную раніцу, у дзень асноўных выбараў. Мы дамовіліся з Барысам Леанідавічам, што ён увесь дзень прасядзіць на ўчастку, а я яшчэ паеду са старшынёй камісіі на выязное галасаванне - аб'ехаць пенсіянераў, інвалідаў, увогуле тых, каму складана прыйсці на ўчастак. І тут, ведаеш, быў трэш.
Ўсе пагалоўна - за Лукашэнку. У прынцыпе, гэта іх справа, на тое гэта і выбары, каб кожны аддаў голас за кандыдата, якога хоча. Але тое, як гэта адбывалася ...
Прыехалі да адной бабульцы. Яна бярэ бюлетэнь, ставіць галачку і пытаецца, а ці можна ёй напісаць слова «пажыццёва». Іншая сказала, што калі не Аляксандр Рыгоравіч, то яна галасавала б за Коленьку. Дзядуля адзін, калі яму далі бюлетэнь, убачыў прозвішча Гайдукевіч і стаў лаяцца і патрабаваць, каб яму далі падпісаць паперу за Лукашэнку. Вядома, мы яму паказалі, дзе знаходзіцца графа яго кандыдата.
Але ўражанні, вядома ... Усе гэтыя людзі не проста падтрымліваюць дзеючага прэзідэнта - яны як фанатыкі.
Быў на ўчастку не менш пацешны выпадак. Прыйшла бабуля. Відаць было, што ёй цяжка хадзіць. Яна павольна падышла да камісіі, узяла бюлетэнь, таксама павольна пракрочыла ў кабінку. Выйшла. Дайшла да скрыні. І перахрысціла яе. Тройчы. Толькі пасля гэтага яна кінула свой бюлетэнь ва ўнутр.
ПАДЛІК ГАЛАСОЎ
У канцы дня, калі ўжо быў падлік галасоў, мы думалі, што яго будуць праводзіць адкрыта - паказваць назіральнікам па адным бюлетэні і лічыць іх. Заяву на гэта напісаў назіральнік ад АГП. Старшыня нават сказаў сваім, каб яны схадзілі паесці, таму што могуць засядзецца і да двух ночы. Дык адна жанчына завыла, што маладым добрыя - ім ад «Хімвалакно» і харчаванне бясплатнае, і два дні выходных дадуць, а ім - пенсіянерам - толькі паесці перападзе.
Аднак у апошні момант усё змянілася - камісія проста абступіла стол і пачала «лічыць», у двукоссі. За іх спінамі мы не бачылі нічога. Перасесці ў іншае месца, адкуль бы адкрываўся від на падлік галасоў, нам не дазволілі. У выніку, як я ўжо і чакала, у нас зноў было разыходжанне - па нашых падліках галасаваць прыйшло 872 чалавека, а ў пратаколе пазначылі 1175. Ізноў было не вельмі прыемна, але іншага ад іх і не чакала, калі шчыра. Калі я сыходзіла адтуль, сказала старшыні, што, спадзяюся, спаць ён будзе добра і сумленне яго не замучыць.
НА ПРАЦЫ
Калі я на наступны дзень прыйшла на працу, усе ўжо ведалі, што я была назіральнікам. Прычым нават ведалі, што ад БХК. Ніякіх прэтэнзій да мяне не было, пыталіся толькі, ці былі парушэнні. Я сказала, што былі. Калегі рабілі круглыя вочы і дзівіліся. Некаторыя з іх таксама сядзелі на ўчастках - хто ў камісіі, хто назіральнікам. І вось мне адна такая дзяўчына кажа: выбары прайшлі добра, фальсіфікацый не было, яўка высокая. А потым выдае - вось, за Караткевіч было шмат галасоў, так я прапанавала сапсаваць гэтыя бюлетэні.
Ну вось як? Чалавек кажа, што фальсіфікацый не было, а потым сама прызнаецца, што ледзь да гэтага не дайшло. А не дайшло, таму што старшыня камісіі адмовіўся і ўсе палічылі дакладна. Ну, па яе словах.
ШТО ДАЛЕЙ
Я хачу і далей быць назіральнікам. Я не ведаю, што будзе з краінай, якімі будуць людзі на наступных выбарах, якой буду я. Але зараз усвядамляю: тое, што мы робім падчас назірання - гэта важна. Народ не павінен хадзіць у дурнях, павінны быць людзі, якія дапамагаюць самой сістэме становіцца лепш. І калі не я, то хто? Маладым ў гэтай краіне жыць, ім жа вырашаць, у якіх умовах яны будуць гэта рабіць.