Глуск: назіральнік патрабуе прызнаць вынікі выбараў на ўчастку несапраўднымі
Назіральнік на Глускім выбарчым участку №2 Ігар Кірын 14 кастрычніка накіраваў заяву на імя старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай з патрабаваннем прызнаць вынікі галасавання на гэтым участку несапраўднымі.
Падставай для прызнання вынікаў галасавання на Глускім выбарчым участку №2 несапраўднымі Ігар Кірын лічыць відавочныя і грубыя парушэнні ўстаноўленых Выбарчым кодэксам патрабаванняў адкрытасці і галоснасці пры падвядзенні вынікаў галасавання.
У скарзе назіральнік указвае на тое, што месца размяшчэння назіральнікаў на Глускім выбарчым участку №2 выключала магчымасць візуальнага назірання падліку галасоў, прадугледжанага арт. 55 Выбарчага кодэкса. Члены камісіі закрылі сваімі спінамі стол з бюлетэнямі, што не дазваляла бачыць працэдуру падліку галасоў. Старшыня ўчастковай выбарчай камісіі ніяк не адрэагаваў на просьбу Ігара Кірына забяспечыць хоць мінімальную магчымасць назіраць за падлікам галасоў.
Таксама назіральнік скардзіцца на тое, што, у парушэнне артыкула 55 Выбарчага кодэкса, старшыня камісіі не агалошваў колькасць галасоў, пададзеных супраць усіх кандыдатаў, пасля падліку галасоў у перанасной скрыні, за кандыдата ў прэзідэнты Таццяну Караткевіч і супраць усіх кандыдатаў пасля падліку галасоў у скрыні, якая знаходзілася ў памяшканні для галасавання. Пасяджэння камісіі па падвядзенні вынікаў галасавання не праводзілася, вынікі галасавання на Глускім выбарчым участку №2 былі вызначаны ў закрытым рэжыме пры адсутнасці хоць якога кантролю з боку назіральнікаў.
У скарзе Ігар Кірын таксама звяртае ўвагу на парушэнне арт. 51 Выбарчага кодэкса – у асноўны дзень галасавання 11 кастрычніка на віду назіральнікаў на Глускім выбарчым участку №2 знаходзілася толькі скрыня для галасавання ў памяшканні ўчастка, скрыні для датэрміновага галасавання і для галасавання па месцы знаходжання выбаршчыкаў знаходзіліся па-за зрокам назіральнікаў за калонай.