Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Да пачатку галасавання засталося:

Бабруйск: назіральнікаў, якія падаюць скаргі, запалохваюць

Бабруйская актывістка Галіна Смірнова расказала, што незалежных назіральнікаў, якія нясуць зараз скаргі ў ТВК, запалохваюць.

-Людзі прыносяць скаргі на рэгістрацыю ў выканкам, а ім чыноўнікі кажуць: "Падумайце, вы яшчэ малады, вам яшчэ працаваць", ці "У вас хутка пенсія, падумалі б пра будучыню". На жаль, прозвішчы гэтых назіральнікаў назваць не магу, прасілі не казаць. А спробы запалохаць пачаліся яшчэ падчас выбараў. Напрыклад, старшыня камісіі мог паказальна гучна тэлефанаваць у выканкам і называць прозвішчы назіральнікаў, якія працуюць на ўчастку. Калі ў яго пыталіся, навошта ён гэта робіць, адказваў: "Так трэба!", - распавядае Галіна Смірнова.

Назіральніца кампаніі "Права выбару" кажа, што былі ўчастковыя камісіі, працу якіх можна было назваць бездакорнай. Яны дазвалялі назіраць зблізу, вывешвалі пратаколы, былі ветлівыя. Але большасць незалежных назіральнікаў сутыкнуліся з праблемамі, таму і пачалі пісаць скаргі. Большасць з іх тычыцца немагчымасці бачыць падлік галасоў і неналежнае захоўванне скрыні.

-Былі ўчасткі, дзе людзі "назіралі" на адлегласці 10 а то і болей, метраў. Бачылі толькі спіны сябраў камісіі. На ўчастку №43, дзе я назірала, яны наогул схаваліся ў закуток, і мы знаходзіліся ад іх на адлегласці больш за 15 метраў, у мяне нават відэа ёсць. На гэтым жа ўчастку незалежнага назіральніка Уладзіміра Чабана выгналі за тое, што ён здымаў гэтае відэа з іх спінамі. Але мы бачылі, што лічаць яны ўсе скрыні разам, у адной кучы, і пратакол не вывесілі.

Незалежны назіральнік Дзяніс Худавец назіраў на ўчастку №59 і зафіксаваў прыпіскі ў 745 чалавек.

-Напэўна, на нашым участку самая вялікая колькасць прыпісаных галасоў, - мяркуе Дзяніс Худавец. - Мне падалося, што нават "афіцыйныя" назіральнікі былі здзіўленыя. Да стала нас блізка не падпусцілі, недзе метры за тры мы назіралі. Я заўважыў, што ў скрыні па месцы жыхарства быў стосік аднолькава складзеных бюлетэняў. Але галоўную справу зрабілі прыпіскі. Агульная колькасць выбаршчыкаў па спісах на ўчастку 2829, па дадзеных камісіі прагаласвалі 2547 чалавек, па нашых - 1802.

Галіна Смірнова лічыць, што гэтыя выбары "зрабілі" не выбаршчыкі, а ідэолагі.

-Людзі паўсюль казалі, як іх прымушалі галасаваць на прадпрыемствах. Плюс - гэтая інфармацыя пра вайну, якая пастаянна ішла з тэлевізара. Думаю, большасць і сапраўды прагаласавала за Лукашэнку, у спадзеве на "мірнае неба і стабільнасць", але не такой колькасцю! Рэальныя лічбы, гэта 50-60 працэнтаў выбаршчыкаў, якія прагаласавалі. Іншыя не пайшлі на галасаванне, бо не бачылі сэнсу. Былі канечне і "ўзорныя" ўчасткі, дзе нічога не прыпісвалі. Напрыклад, на ўчастку №20 агучылі вельмі вялікі працэнт галасоў "супраць усіх". Сябры камісій, відаць, баяліся невялікай яўкі, таму шмат дзе скарачалі спісы выбаршчыкаў. Назіральнікі кажуць, што паўсюль людзі дадаткова запісваліся, бо іх не было ў гэтых спісах, - распавядае Галіна Смірнова.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары