Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Да пачатку галасавання засталося:

Выбарчы працэс вачыма гродзенскіх назіральнікаў

Падлік галасоў
Падлік галасоў

   Назіранне за працэсам датэрміновага і ў асноўны дзень галасавання выразна паказала, што на ўчастках, дзе назіральнікі лічылі выбарцаў цягам усіх дзён, яўка ў пяць дзён датэрміновага галасавання склала 20-23% – у адпаведнасці з рэальнай колькасцю прыйшоўшых на выбарчыя ўчасткі. Гэта значна менш, чым на ўчастках, дзе не было незалежных назіральнікаў.

   Участковыя камісіі пераважна былі сфармаваны з адзінага працоўнага калектыву. Гэта датычыць найперш выбарчых участкаў, якія размяшчаліся ў будынках сярэдніх школ. Не толькі ўсе камісіі на такіх участках былі сфармаваныя з настаўнікаў і адміністрацыі школы, але і ўсе назіральнікі (апрача незалежных), якія былі вылучаны праўладнымі арганізацыямі – БРСМ, “Белай Руссю”, “Беларускім Фондам міру”, дзяржаўнымі прафсаюзамі і іншымі. Фактычна фіктыўныя назіральнікі былі абавязаны прысутнічаць у час галасавання і ў яго канцы падаваць загадзя падрыхтаваныя заявы, пра тое, што ніякіх парушэнняў у час выбараў не зафіксавана. Бальшыня з гэтых назіральнікаў нават не дачакаліся вывешвання афіцыйных пратаколаў пра вынікі галасавання на ўчастках.

   Нават на тых участках, дзе незалежныя назіральнікі лічылі ўсіх прыйшоўшых, участковыя камісіі ў выніковых пратаколах завысілі яўку на 40-80 чалавек. Яе завышэнне адбывалася пераважна праз завышэнне рэальнай лічбы тых выбарцаў, якія галасавалі на даму па месцы пражывання.

   Не ўсе выбарцы, якія былі ўнесеныя ў спісы для галасавання дома, сапраўды падавалі адпаведныя заявы на тое, каб да іх прыйшлі сябры камісіі і далі магчымасць прагаласаваць.

   Працэс падліку галасоў не быў празрыстым, бюлетэні назіральнікам не паказваліся і падлічаныя асобна галасы выбарцаў не агучваліся. Агульны падлік вялі старшыні і сакратары камісій, якія моўчкі пісалі лічбы і пасля сумавалі іх. Разам з тым, на некаторых участках можна было назіраць складзеныя на сталы ў стосы бюлетэні за асобных кандыдатаў і мець пэўнае ўяўленне пра колькасць пададзеных галасоў. Пісьмовыя прапановы назіральнікаў пра асобны падлік галасоў і агучванне асобных вынікаў былі праігнараваны.

   На бальшыні ўчасткаў старшыні камісій у час датэрміновага галасавання адмаўляліся назваць колькасць выбарцаў, унесеных у спісы для галасавання. Пададзеныя скаргі на гэты конт ігнараваліся. Прыкладам, назіральнік Уладзімір Хільмановіч так і не атрымаў адказаў на свае скаргі ні з ЦВК, ні з ТВК Ленінскага раёну гораду Гродна.

У цэлым ужо традыцыйна парушаўся адзін з асноўных прынцыпаў выбараў – прынцып празрыстасці, галоснасці і транспарэнтнасці.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары