Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Да пачатку галасавання засталося:

Выбары ў Гомелі вачамі назіральнікаў: “Лічбы ЦВК проста нават смешна параўноўваць з рэальнасцю”

«За сумленную працу камісіі можна толькі падзякаваць»

Ірына Купцэвіч, жыхарка Рагачова, на выбарах назірала першы раз, у межах грамадзянскай ініцыятывы «Назіранне за выбарамі: тэорыя і практыка». Сабрала подпісы, зарэгістравалася назіральнікам на ўчастку №11 Рагачова. Сачыла за ходам як датэрміновага, так і ў асноўны дзень галасавання 11 кастрычніка. «Большасць тых, хто прыйшоў на ўчастак - пенсіянеры, моладзі было вельмі мала. Камісія паводзіла сябе цалкам карэктна ўвесь час, а пры падліку ў назіральнікаў быў поўны агляд, мы нават маглі перагледзець ужо палічаныя стосы розных кандыдатаў. Адзіны падазроны момант - працэнт галасоў за Лукашэнку на датэрміновым галасаванні значна большы, чым на асноўным, але гэта можна патлумачыць натуральнымі прычынамі (кшталту «правільнай» матывацыі ад начальства і гэтак далей). За сумленную працу камісіі можна толькі падзякаваць», - падкрэсліла суразмоўца.

На ўчастку было зарэгістравана 2093 выбаршчыкаў, прагаласавала 1415 (яўка 67,6%). За Аляксандру Лукашэнку – 924 галасы (65,3%), за Таццяну Караткевіч – 354 галасы (25%), супраць усіх - 74 галасы (5%), за Сяргея Гайдукевіча - 35 галасоў (2,47%), за Мікалая Улаховіча - 9 галасоў (0,63%). Сапсаваных бюлетэняў – 19 (1,3%).

На ўчастку, апроч Ірыны Купцэвіч, былі і іншыя незалежныя назіральнікі. «Адзін з іх – мясцовы актывіст дэмакратычнага руху, у 2014 годзе ён балатаваўся ў мясцовыя саветы, і потым ён заяўляў пра шматлікія парушэнні заканадаўства і фальсіфікацыі, падавалася шмат скаргаў. Ведаючы гэта, думаю, зверху камісіі была дадзена ўстаноўка правесці на гэтым участку, дзе ён назірае, узорна-паказальныя выбары - каб не чапляліся. Бо выніковыя лічбы на версе ўсё адно будуць такія, як трэба», - падзялілася меркаваннем назіральнік.

Таму, па яе словах, камісія працы назіральнікаў не перашкаджала, прадстаўляла неабходную інфармацыю.

«Яўка на датэрміновым галасаванні па пратаколе цалкам адпавядала нашым падлікам. Урну аглядала ўважліва кожны раз. Пры падліку, калі урну раскрылі і палічылі бюлетэні, іх колькасць адпавядала папярэднім падлікам. З выязным галасаваннем махінацый таксама, здаецца, не было, галасаванне ў асноўны дзень праходзіла без парушэнняў», - пералічыла Ірына Купцэвіч.

Пры падліку стол з бюлетэнямі знаходзіўся ў метры ад сталу, за якім сядзелі назіральнікі, дазвалялі сябры камісіі падысці бліжэй. «Я бачыла, што ўсе бюлетэні раскладаліся па стосах і лічыліся. Нам нават дазволілі потым перагледзець бюлетэні ва ўжо палічаных стосах за кандыдатаў. Там усё было ў парадку», - падкрэсліла назіральнік.

І ў гэты ж час на суседнім ўчастку, як пазней даведалася Ірына Купцэвіч, была зусім іншая сітуацыя – там назіральнікі не маглі бачыць, як адбываецца падлік, а бюлетэні моўчкі раскладаліся па стосах.

«На суседнім участку бюлетэні, якія павінны былі быць за Караткевіч і за Лукашэнку, былі супастаўляльныя па таўшчыні (за Лукашэнку было больш, але не нашмат). Але пасля гэтага ніякія лічбы сябры камісіі не агучвалі, бюлетэні проста панеслі на іншы стол і адразу запакавалі ў паперу. А потым у пратаколе проста напісалі нейкія лічбы. І нават пры гэтым за Таццяну Караткевіч там было прыблізна 11%», - зазначыла жыхарка Рагачова.

На ўчастках №9 і №10 Рагачова, па яе словах, за Таццяну Караткевіч было прыкладна па 18%.

На сайце ЦВК выклалі дэталізацыю галасавання па раёнах. Там напісана, што за Таццяну Караткевіч ва ўсім Рагачоўскім раёне прагаласавала 916 чалавек.

«На адным маім участку за яе прагаласавала 354 чалавекі. То бок, лічбы ЦВК проста нават смешна параўноўваць з рэальнасцю», - упэўнена назіральнік.

«Устаноўка была – каб выбары любымі сіламі прайшлі гладка»

Віктар Адзіночанка, сябра БХК, не ўпершыню працуе назіральнікам на выбарах. Палітычную кампанію-2015 ён называе «ніякай». Такім прыметнікам можна ахарактарызаваць як перыяду збору подпісаў, так і агітацыі. «Па знешніх прыкметах у Гомелі – другім па велічыні горадзе Беларусі, нельга было здагадацца, што ў краіне ідуць выбары. Агітацыя, можна сказаць, і не вялася. Наколькі я ведаю, адзін з кандыдатаў – Сяргей Гайдукевіч, наогул не быў у Гомелі, не сустракаўся з выбаршчыкамі. Адна сустрэча Мікалая Улаховіча са студэнтамі таксама вялікай ролі не іграла. Прычым пры ніякай агітацыі яўка была адносна высокай – людзі рэальна ішлі на ўчасткі як датэрмінова, так і ў дзень галасавання», - пракаментаваў назіральнік.

Яўка, па яго словах, абумоўлена ўздзеяннем на людзей тэлебачання, асаблівым чынам – навін расійскага тэлебачання пра падзеі ва Украіне, якія часам уводзяць гледачоў у стан панічнага страху. «Другія ішлі па інерцыі, трэція – з-за буфету. Напярэдадні выбараў мясцовыя СМІ анансавалі, што ў буфетах на ўчастках будуць зніжаныя кошты – апелявалі да беднасці людзей. І людзі хацелі хоць нешта танней ухапіць», - лічыць Віктар Адзіночанка.

Датэрміновую яўку забяспечылі ў асноўным навучэнцы каледжаў і ліцэяў і студэнты. «Іх, скажам так, актыўна запрашалі прагаласаваць датэрмінова. Прычым калі на мінулых выбарах пагражалі не засяліць у інтэрнаты, ці выкарыстаць іншыя рычагі ціску, то зараз пра такія факты мне невядома, але студэнты яўку на датэрміновым «зрабілі», - адзначыў суразмоўца.

Па яго словах, участковыя камісіі «лагодна» ставіліся да назіральнікаў, не канфліктавалі, давалі патрэбную інфармацыю. Не абышлося, праўда, без традыцыйных парушэнняў – такіх, як завышэнне яўкі на некаторых участках.

«Адметнасць дадзенай кампаніі ў тым, што шмат «нагналі» афіцыйных назіральнікаў – ад БРСМ, «Белай Русі», ветэранаў і прафсаюзаў. Устаноўка была – каб выбары любымі сіламі прайшлі гладка – і таму былі кінутыя на гэтыя выбары вялікія сілы», - дадаў Віктар Адзіночанка.

«Выбары не адрозніваліся ад тых, што прайшлі пяць гадоў таму»

Па меркаванні Леаніда Судаленкі, выбары-2015 нічым не адрозніваліся ад прэзідэнцкай кампаніі 2010 года. Агітацыйная кампанія, па яго меркаванню, была вельмі слабай. «На прэзідэнцкіх выбарах усе павінна бурліць, а ў Гомелі актыўнасць кандыдатаў ці іх давераных асоб заўважна не была», - падкрэсліў Леанід Судаленка.

«Сябры ўчастковых камісій і назіральнікі – свае людзі»

«Выбары прайшлі па накатанай – назіральнікі бачылі толькі спіны членаў камісіі, рэальна лічылі галасы ці не – гэта невядома. На ўчастку №25 ў Савецкім раёне дзве з паловай тысячы галасоў палічылі за дваццаць хвілін – цуды хуткасці, якія вартыя быць занесенымі ў якую-небудзь кнігу рэкордаў», - адзначыў назіральнік Алесь Яўсеенка.

На ўчастку №25, па яго словах, камісія складалася з працаўнікоў прадпрыемства «Торгмаш», старшынёй камісіі быў дырэктар дадзенага прадпрыемства. «І відавочна, што назіральнікі былі таксама свае людзі», - лічыць суразмоўца.

Пра «сваіх людзей» гаворыць і назіральнік Юрый Клімовіч. Ён працаваў на ўчастку №39 Чыгуначнага раёна, размешчанага ў ДК «Сяльмаш». «І сябры ўчастковай камісіі, і назіральнікі, акрамя ад дэмакратычных арганізацый – усе супрацоўнікі «Гомсельмаш». Пра якое сумленнае назіранне можа ісці гаворка, калі старшыня камісіі звяртаецца на «ты» да назіральніка і просіць яго ў дзень галасавання прыйсці раней, а 7 раніцы, каб «цягаць сталы» - такое было на нашым участку», - гаворыць Юрый Клімовіч.

На ўчастку №39 былі дзве «вынасныя» скрынкі для галасавання па кватэрах. «Я пайшоў разам з сябрамі камісіі па кватэрах. Было 64 заяўкі, рэальна сабралі 22 бюлетэні – людзі ці самі схадзілі прагаласаваць, ці дзверы не адчынілі. Сябры камісіі з другой «вынасной» скрынкай пайшлі па кватэрах без назіральніка. І вынік – 180 бюлетэняў! Як такое можа быць?», - здзіўляецца назіральнік.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары