Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Да пачатку галасавання засталося:

Назіральніцы адказалі, што камісія "чысціла скрыню", і таму "бюлетэні перамяшаліся"

Фота http://bchd.info
Фота http://bchd.info

Алена Шабуня, назіральніца на ўчастку №68 Першамайскага раёну Віцебска, сфатаграфавала скрыні для датэрміновага галасавання ўвечары 10 і раніцай 11 кастрычніка. Ранкам бюлетэні ляжалі па-іншаму. Цяпер назіральніца атрымлівае адказы на свае скаргі.

"Ніякага сур'ёзнага разбіральніцтва па скаргах не было. Калі я сфатаграфавала скрыні з двух бакоў звечара і зраніцы, убачыла розніцу і раздрукавала фотаздымкі, то прыклала іх да скаргаў у пракуратуру, Віцебскую абласную выбарчую камісію, ЦВК і старшыні камісіі №68 Алегу Анацку. Адказ з пракуратуры атрымала такі: гэтай справай мусіць займацца Следчы камітэт, ідзіце туды і пішыце заяву. Займацца гэтым у дзень выбараў было бессэнсоўна – толькі траціць час замест назірання. А старшыня камісіі, якога раптам кудысьці выклікалі, з'явіўшыся праз пару гадзін, даў мне адказ. Маўляў, скрыню для галасавання раніцай 11 кастрычніка пераносілі з іншага памяшкання, а таксама "чысцілі" і "мылі", каб выставіць на ўчастак. Таму бюлетэні перамясціліся. Гэтай скрыняй, мусіць, трэба было гуляць у футбол ці ў боўлінг, каб настолькі перамяшаць змесціва!" -- кажа Алена Шабуня.

Яна звяртае ўвагу на тое, што напярэдадні дня выбараў яна пацікавілася ў старшыні, калі на ўчастку распачнецца падрыхтоўка. Асабліва назіральніцу насцярожвала тое, што на ўчастку ў актавай зале фабрыкі "Віцьба" двое дзьвярэй, адны з іх – запасны выхад, які вядзе наўпрост у двор. Калі яна прыйшла ў 7.25 раніцы, бо да 7.30 яе запрасіў старшыня камісіі, на ўчастку ўжо ўваўсю ішла праца: усе дзверы былі адчынены, і скрыні з бюлетэнямі стаялі на ўчастку. Слядоў таго, што іх нехта адмыслова мыў і чысціў, Алена Шабуня не заўважыла, але заўважыла, што бюлетэні ў скрынях ляжаць па-іншаму.

Назіральніца чакае адказаў на сваю скаргу з ЦВК і Віцебскай абласной выбарчай камісіі. Алена Шабуня звяртае ўвагу на тое, што колькасць прагаласаваўшых за Таццяну Караткевіч у дзень выбараў і за час датэрміновага галасавання якасна адрозніваецца. Згодна з падлікамі камісіі, 11 кастрычніка за Караткевіч прагаласавалі 317 чалавек з 1100 выбаршчыкаў (за Лукашэнку – 536, за Гайдукевіча – 34, за Улаховіча -12). А з 647 удзельнікаў датэрміновага галасавання, паводле агучаных камісіяй лічбаў, за Караткевіч прагаласавалі ўсяго 29 чалавек, за Лукашэнку – 539, за Гайдукевіча -18, за Улаховіча – 10.  

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары