Рэчыца: яўка была значна завышана, камісіі «махлявалі» з галасаваннем па кватэрах
Назіральнік Валер Пуціцкі адзначыў асаблівасці галасавання на ўчастку №20 горада Рэчыцы. «Істотна адрозніваюцца нашы падлікі і камісіі. У датэрміновым галасаванні па дадзеных камісіі прынялі ўдзел на 50 чалавек больш, чым па нашых падліках. На 100-140 чалавек завышаны лічбы галасавання па кватэрах, на 150 – у асноўны дзень галасавання, як мінімум у выніку на 300 чалавек яўка завышана», -- падлічыў назіральнік.
Ён заўважыў, што амаль кожны пяты, хто прыходзіў галасаваць, не быў у спісе, і яго дадзеныя заносілі ў дадатковы спіс. Такіх было каля 100 чалавек. «Разам з тым, колькасць выбаршчыкаў у пратаколе павялічылася нязначна – то бок, адных упісалі, іншых выкраслілі», - заўважыў Валер Пуціцкі.
Па яго дадзеных, выказалі жаданне праз заявы галасаваць дома 67 выбаршчыкаў. Але ў скрыні для галасавання па кватэрах было налічана 205 бюлетэняў. «Прычым нерэальна за такі час, які адсутнічала камісія, каб прагаласавала столькі чалавек, так выходзіла на кожнага выбаршчыка па дзве хвіліны, такога не можа быць», - падкрэсліў назіральнік.
Яго і іншых назіральнікаў не дапусцілі да падліку галасоў, «адагнаўшы» на 8 метраў ад стала.
Па словах Валера Пуціцкага, на ўчастку №18 назіралася іншая карціна: 247 чалавек падалі заяўкі, каб галасаваць дома, а па выніку выйшла, што дома прагаласавалі толькі 65 чалавек - такія лічбы ў пратаколе камісіі. «То бок вялікая колькасць людзей – каля 190 чалавек спачатку хацелі галасаваць дома, а потым «перадумалі» і прыйшлі на ўчасткі самастойна? Такое адчуванне, што спісы для галасавання дома камісія сама складала, прабачце, «ад балды», - зазначыў назіральнік.