Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Да пачатку галасавання засталося:

У Баранавічах назіральнікі падалі скаргі па фактах разыходжання яўкі падчас датэрміновага галасавання

Фота: Аляксей Лапіцкі
Фота: Аляксей Лапіцкі

Назіральнікі Рыгор Грык і Таццяна Стрэльчык накіравалі трэцюю скаргу ў Баранавіцкую міжраённую пракуратуру, а таксама Брэсцкую абласную пракуратуру і ЦВК па факту падробкі выбарчых дакументаў на выбарчым участку № 20 (сярэдняя школа № 15). У скарзе паведамляецца, што ўвесь час датэрміновага галасавання яны прысутнічалі на выбарчым участку, уважліва лічылі і запісвалі колькасць прагаласаваўшых выбаршчыкаў. Па іх падліках (табліца назірання прыкладзена) за 5 дзён датэрміновага галасавання па дадзеных ўчастковай камісіі прагаласавала 855 чалавек, а за падліках назіральнікаў – 593 выбаршчыкі. Розніца складае 262 чалавекі. Прычым у апошні пяты дзень датэрміновага галасавання 10 кастрычніка ў назіральнікаў пазначана, што прагаласавала 206 чалавек, а ў камісіі – толькі 162. На думку Рыгора Грыка і Таццяны Стрэльчык, такое разыходжанне сведчыць пра тое, што старшыня ўчастковай камісіі Віктар Дулуб ведаў колькасць укінутых раней бюлетэняў і, такім чынам, каардынаваў свае дзеянні так, каб дадзеныя аб колькасці бюлетэняў у скрыні адпавядалі выніковай лічбе ў пратаколе.

У сваёй скарзе Рыгор Грык і Таццяна Стрэльчык выказваюць меркаванне, што ўкід бюлетэняў мог адбыцца ў абед ці ноччу і лічаць, што дадзеныя парушэнні фактычна паўплывалі на вынікі галасавання на выбарчым участку № 20.

Назіральнікі просяць Баранавіцкую міжраённую пракуратуру і ЦВК правесці праверку па названых фактах, прызнаць вынікі датэрміновага галасавання на выбарчым участку № 20 несапраўднымі, а таксама, адпаведна арт. 192 Крымінальнага кодэкса РБ, прыцягнуць да крымінальнай адказнасці парушальнікаў выбарчага заканадаўства.

Баранавіцкая міжраённая пракуратура не разглядедзела гэтую скаргу 11 кастрычніка, а традыцыйна перанакіравала яе ў ТВК. Старшыня ТВК Тамара Шукала наведала выбарчы ўчастак № 20, узяла пісьмовае тлумачэнне ў Віктара Дулуба, але нават не пагаварыла з назіральнікамі Грыкам і Стрэльчык.

Як стала вядома, скарга Рыгора Грыка і Таццяны Стрэльчык, пададзеная 11 кастрычніка, будзе разгледзена Баранавіцкай ТВК пазней, але пакуль невядома, у які дзень.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары