У Барысаве перад абвяшчэннем вынікаў старшыня раіўся з вышэйстаячай камісіяй
У Барысаве на ўчастку №57 пасля падліку галасоў сябры камісіі адмовіліся сказаць адразу вынік прысутным. Як сведчыць незалежны назіральнік Павел Дайнэка, нікога з участку не выпускалі, на працягу 10 хвілінаў старшыня камісіі спрабаваў звязацца з Гарвыканкамам ці з вышэйстаячай камісіяй і паведаміць вынікі падліку.
Пры гэтым па першых выніках была агучана лічба прагаласаваўшых за Таццяну Караткевіч у 219 галасоў, а пасля размовы з вышэйстаячай камісіяй гэтая лічба ператварылася ў 77 галасоў. За пытанне назіральніка, як такое магло адбыцца і просьбу паказаць пратакол, намеснік старшыні камісіі адказала, што аддала пратакол старшыні, а ён павез яго ў вышэйстаячую камісію пасля сазвону.
“Відаць, большую частку галасоў Караткевіч “пералічылі” Лукашэнку, бо па іншых кандыдатах першапачатковыя і выніковыя лічбы не адрозніваліся. А вось прыблізна 20% за Караткевіч пераўтварыліся ў 4-5%”, - распавядае Павел Дайнэка.