Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Да пачатку галасавання засталося:

Крычаў: назіранне за падлікам галасоў -- з 10-метровай адлегласці

Назіральнік на Сожавым выбарчым участку для галасавання №5 у Крычаве Сяргей Няроўны адзначае, што працэдура падліку галасоў выбаршчыкаў членамі камісіі была непразрыстай, і назіральнікі былі пазбаўлены магчымасці зблізу назіраць за падлікам выбарчых бюлютэняў.

Па словах назіральніка, асабіста ён знаходзіўся на адлегласці каля 10 метраў ад стала, дзе лічылі выбарчыя бюлютэні, і мог бачыць толькі спіны членаў камісіі. Члены камісіі не агалошвалі вынікі падліку галасоў, а перадавалі адзін аднаму запіскі з лічбамі. Таксама Сяргей Няроўны адзначаў тое, што члены камісіі на Сожавым выбарчым участку №5 спачатку падлічылі галасы ў скрыні датэрміновага галасавання, пазней у скрыні для галасавання на выбарчым участку 11 кастрычніка, а ўжо пасля ў скрыні галасавання на даму. Вынікі галасавання па кожнай скрыні былі агалошаныя толькі пасля канчатковага падліку галасоў.

Назіральнік кажа, што падчас галасавання на ўчастку 11 кастрычніка ён звяртаўся да старшыні ўчастковай выбарчай камісіі Уладзіміра Мядзведзева з пытаннем, колькі выбаршчыкаў на ўчастку жадае прагаласаваць на даму, аднак адпаведную інфармацыю старшыня яму прадстаўляць адмовіўся, сказаўшы, што агалошванне гэтай інфармацыі “не прадугледжана законам”.

Па выніках падліку галасоў на Сожавым участку №5 у Крычаве было агалошана, што за Аляксандра Лукашэнка прагаласавалі 1192 выбаршчыкі, 44 – за Сяргея Гайдукевіча, 33 – за Таццяну Караткевіч, 21 – за Мікалая Улаховіча. 49 чалавек на ўчастку прагаласавалі супраць усіх, 21 бюлютэнь быў прызнаны несапраўдным. У асноўны дзень галасавання 11 кастрычніка на ўчастку прагаласавала 740 чалавек, 71 чалавек прагаласавала на даму, 549 выбаршчыкаў прагаласавала датэрмінова. З агульнай колькасці унесеных у спісы для галасавання на Сожавым выбарчым участку №5 у Крычаве 1501 выбаршчыкаў прыняло удзел у выбарах 1360 чалавек.

У дзень галасавання 11 кастрычніка на Сожавым участку №5 прысутнічала таксама і 7 праўладных назіральнікаў, аднак нейкіх заўваг па працэдуры галасавання і падліку галасоў яны не выказвалі.

Незалежныя назіральнікі, якія назіралі за працэсам галасавання і працэдурай падліку галасоў на Сожавым выбарчым участку №4, Мікрараённым участку №7, Вакзальным участку №8 у Крычаве адзначаюць, што на гэтых участках для галасавання падлік галасоў выбаршчыкаў ішоў асобна па скрынях, і вынікі датэрміновага галасавання, галасавання на даму і галасавання на выбарчым участку былі агалошаны адразу, аднак працэдура падліку галасоў таксама не была празрыстай. На Сожавым выбарчым участку №4 за Лукашэнку прагаласавала 2318 чалавек, за Таццяну Караткевіч – 68, Сяргея Гайдукевіча – 57, Мікалая Улаховіча – 12.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары