Глуск: раённая камісія вельмі хутка падлічыла галасы выбаршчыкаў
Па словах назіральніка БХК у Глускай раённай камісіі па выбарах прэзідэнта РБ Ігара Кірына, ён змог патрапіць у выбарчую камісію ўжо напрыканцы прыёму дакументаў з участковых выбарчых камісій, бо быў задзейнічаны ў якасці назіральніка на Глускім выбарчым участку №2. Разам з ім за прыёмам выніковых пратаколаў галасавання з апошніх чатырох выбарчых участкаў у Глускім раёне назіралі назіральнікі АБСЕ. Па іх словах, яны прысутнічалі пры працэдуры падліку галасоў на Гагарынскім участку №3 у Глуску, і ім далі магчымасць назіраць за падлікам бюлютэней паблізу ад стала, дзе іх пералічвалі сябры ўчастковай выбарчай камісіі.
Старшыня Глускай раённай камісіі па выбарах прэзідэнта РБ адмовіў назіральніку БХК у просьбе азнаёміцца з выніковымі пратаколамі галасавання, пададзенымі з іншых чатырнаццаці выбарчых участкаў у Глускім раёне. Таксама не быў вывешаны пратакол з вынікамі галасавання па Глускаму раёну, пры гэтым старшыня раённай выбарчай камісіі спаслаўся на тое, што выніковыя лічбы ён агучыў, і зараз спяшаецца завезці дакументы ў абласную выбарчую камісію ў Магілёў.
Ігар Кірын адзначае, што ён здзіўлены вельмі хуткім падвядзеннем вынікаў галасавання на прэзідэнцкіх выбарах-2015 у Глускім раёне. На прэзідэнцкіх выбарах 2010 года падлік галасоў і абвяшчэнне вынікаў галасавання заняло шмат больш часу.