Ваўкавыск: старшыня Даватарскай УВК №3 з мацюкамі выдаліў незалежнага назіральніка з участка
Старшыня камісіі Чэслаў Баклажац не змог стрымаць сябе пасля таго, як назіральнік Віталь Гуляк падаў яму скаргу, у якой зафіксаваў непразрыстасць працэдуры падліку галасоў.
Як распавёў назіральнік, працэдура падліку галасоў Даватарскай участковай выбарчай камісіяй адбылася вельмі хутка і непразрыста. З яго словаў, бюлетэні з скрыняў для датэрміновага галасавання і галасавання на даму сябры камісіі ссыпалі ў адну кучу, падчас падліку нічога не агучвалі, назіральнікам назвалі толькі выніковыя лічбы.
Па сканчэнні працэдуры падліку галасоў на ўчастку, Віталь Гуляк склаў адпаведны акт, у якім зафіксаваў усе пералічаныя парушэнні, і падаў скаргу на імя старшыні ўчастковай камісіі Чэслава Савельевіча Баклажца.
“Ён пачаў мацюкацца, тыкаць гэтымі паперамі мне ў твар, пасля чаго прагнаў мяне з участка”, - распавёў Віталь.
“Да таго ж, я увесь дзень на ўчастку сядзеў і назіраў з аднаго месца. Перад падлікам галасоў сталы саставілі ў цэнтр памяшкання, і я атрымаўся зусім побач з гэтымі сталамі і бачыў усё, што там адбываецца. Старшыня выбарчай камісіі падыйшоў да мяне і літаральна за каўнер перацягнуў у іншае месца – “туды, дзе ўсе сядзяць”, - дадаў назіральнік.
Таксама Віталь Гуляк паведаміў, што старшыня УВК на працягу дня пагражаў яму нейкай паперай, нібыта назіральнік хадзіў падчас датэрміновага галасавання па інтэрнаце аграрнага каледжа, у якім знаходзіўся выбарчы ўчастак і агітаваў студэнтаў не хадзіць на выбары.
"Але я ў тым інтэрнаце ніколі ў жыцці нават ня быў" , - адзначыў В. Гуляк.