За гадзіну да сканчэння выбараў двзюх назіральніц незаконна выдалілі з участку
Каля сямі гадзін вечара 11 кастрычніка на ўчастку №4 Кастрычніцкага раёна г.Мінска жанчына, якая прадставілася "каардынатарам назіральнікаў", выдаліла назіральніц ад БХК Юлію Філіпчык і Алену Малько.
На працягу тыдню назіральніцы лічылі выбаршчыкаў і на вечар суботы атрымалі лічбу ўсяго ў 284 чалавекі, а ў пратаколе камісіі гэтая лічба была перабольшая амаль у два разы – 456 чалавек. Аднак, у нядзелю зранку лічба ў пратаколе значна адрознівалася ад папярэдняй і складала ўжо 589 чалавек. Да пратаколу незалежных назіральніц не дапускалі. Калі прыйшлі міжнародныя назіральнікі АБСЕ, яны звярнулі іх увагу на гэтыя факты і працягнулі назіранне сёння. Акрамя таго, па дадзеным назіральнікаў не хапае колькасці выбаршчыкаў, каб выбары на гэтым участку ўвогуле лічыць адбыўшыміся.
Пасля гэтага жанчына, якая прадставілася каардынатарам па назіральнікам Кастрычніцкага раёна, спрабавала выдаліць назіральнікаў з участку.
“Недзе каля 19 гадзін да нас падыйшла жанчына з пашпартам і нейкім пасведчаннем, якая прадставілася галоўнай па ўсіх назіральніках па Кастрычнікаму раёну і сказала нам, што, каб вылучыцца назіральнікам на паседжанні па вылучэнню павінна было прысутнічаць 10 чалавек, а ў нас ад Беларускага Хельсінкскага камітэта прысутнічала 7 і 6 чалавек адпаведна. І, з яе словаў, ўвесь тыдзень мы ўвогуле не мелі права прысутнічаць на ўчастку, і таму яны вымушаны выдаліць нас з участку”, - паведаміла назіральніца Юлія Філіпчык.
Назіральнікі сышлі на некаторы час. Пасля невялікага перапынку і абмеркавання сітуацыі, яны зноў вярнуліся на выбарчы ўчастак.
Аднак сітуацыя паўтарылася: на гэты раз ўжо сам старшыня камісіі ў вуснай форме выганяў назіральнікаў, пагражаў міліцыяй, падбухторваў іншых назіральнікаў падпісаць паперу аб парушэннях, якія нібыта чынілі Ю. Філіпчык і А. Малько падчас галасавання. Ніякіх пісьмовых дакументаў з абгрунтаваннем выдалення назіральнікам не выдалі. Аднак стала вядома прозвішча каардынатара па назіральнікам Кастрычніцкага раёна – Берасцевіч Святлана Іосіфаўна.
Калі яны ў трэці раз вярнуліся на ўчастак, там іх чакалі супрацоўнікі міліцыі, якія канчаткова выдалілі назіральнікаў.
Намеснік старшыні ПЦ "Вясна" Валянцін Стэфановіч адзначае:
"Выдаленне з'яўляецца незаконным, паколькі назіральнікі былі вылучаныя РПГА "Беларускі Хельсінкскі камітэт" і прадставілі адпаведны пратакол паседжання Рады, якая складаецца з 7 чалавек. У дадзеным выпадку старшыня камісіі блытае шляхі вылучэння. Узгаданыя 10 чалавек - гэта колькасць грамадзянаў, якія могуць вылучыць назіральніка на ўчастак для галасавання і якія пражываюць на тэрыторыі гэтага ўчастка. А калі гаворка вядзецца аб вылучэнні ад арганізацыі, то там вылучае Рада ў тым складзе, у якім яна замацаваная ў Статуце. У дадзеным выпадку - 7 чалавек. Таму такое пазбаўленне акрэдытацыі з'яўляецца незаконным".