Наваполацк: жанчыну з пагрозай выкідышу папрасілі пакінуць бальніцу за тое, што яна “шляецца па ўчастках”
Напяпрэдадні датэрміновага галасавання, 5 кастрычніка, Таццяна Ладукас зранку зарэгістравалася ў якасці назіральніка на ўчастку №9 Наваполацка. У абед ёй стала кепска, і “хуткая дапамога” даставіла яе ў бальніцу з дыягназам: пагроза выкідышу.
8 кастрычніка да Таццяны Ладукас, якая знаходзілася ў бальніцы, патэлефанавалі сябры ўчастковай камісіі і запрасілі прыйсці на паседжанне, дзе павінна разглядацца яе заява, якую яна падала разам з акрэдытацыйнымі дакументамі. Заява тычылася прапановы празрыстага падліку галасоў. Жанчына вырашыла пайсці.
Калі Таццяна Ладукас вярнулася з паседжання, адсутнічаўшы 2 гадзіны ў бальніцы, яна пачала заўважаць падвышаную да сябе ўвагу з боку медыцынскага персаналу. 10 кастрычніка дзяжурны ўрач бальніцы Шніпава Ганна Сяргееўна абвінаваціла Таццяну ў парушэнні бальнічнага рэжыму, а даслоўна -- “шляецца па ўчастках”, і прапанавала неадкладна пакінуць медыцынскую ўстанову. Урач удакладніла, што загадчыцы аддзялення паступіў званок са следчых органаў, што Таццяна Ладукас знаходзіцца на ўчастку. Пры гэтым прагучала, што і 10 кастрычніка яна нібыта пакідала медыцынскую ўстанову, што сама Таццяна катэгарычна абвяргае.
Увечары 10 кастрычніка Таццяна Ладукас пакінула стацыянар.
Яна звярнгулася ў пракуратуру Наваполацка з просьбай высветліць, хто і на якіх падставах паведаміў у бальніцу пра яе рэгістрацыю на ўчастку ў якасці назіральніка і пра яе ўдзел у паседжанні, паколькі не сама адсутнасць у медыцынскай установе была інтэрпрэтавана як парушэнне бальнічнага рэжыму, а менавіта яе наведванне выбарчага ўчастка.