Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Да пачатку галасавання засталося:

Салігорская раённая выбарчая камісія вынесла папярэджанне незалежнаму назіральніку

Прадстаўнік БХК у Салігорску Леанід Мархотка
Прадстаўнік БХК у Салігорску Леанід Мархотка

На падставе заявы назіральніка ад “Белай Русі” Салігорская раённая выбарчая камісія вынесла папярэджанне назіральніку на салігорскім выбарчым участку №19 ад Беларускага Хельсінкскага Камітэту Леаніду Мархотку.

Скаргу ў тэрэтарыяльны выбаркам накіраваў сябра паўладнай арганізацыі Петрушэня А. А., які абвінаваціў прадстаўніка БХК у незаконным апытанні выбарцаў 8 кастрычніка.

- У гэты дзень у калідоры каля выбарчага ўчастку №19 я меў выпадковую сустрэчу са знаёмым работнікам будаўнічай арганізацыі БУ-200. Ён між іншым паскардзіўся, што кіраўніцтва гоніць калектыў галасаваць датэрмінова. Нашу прыватную гутарку падслухала старшыня камісіі Каштальян і пачала пагражаць складаннем пратаколу аб парушэнні. Так званы назіральнік ад “Белай Русі” Петрушэня адразу падскочыў і выказаў гатоўнасць падпісаць усё што трэба, - кажа Леанід Мархотка.

Леанід Мархота распавядае пра рашэнне Салігорскай раённай выбарчай камісіі:

- У рашэнні тэрэтарыяльнай камісіі прыводзяцца словы назіральніка ад “Белай Русі”, паводле якіх я нібыта апытваў выбарцаў пасля галасавання аб іх волевыяўленні, даведваўся, за каго яны прагласавалі. Але гэтыя заявы прадстаўніка “Белай Русі” абсалютна ілжывыя. Па-першае, прыватная гутарка з адным чалавекам па вызначэнні не можа быць апытаннем, бо апытанне прадугледжвае высвятленне меркаванне супольнасці. Ну і галоўнае, нікому пытанняў аб тым, хто і за каго галасаваў я не задаваў. Думаю, гэта спроба дыскрэдытаваць незалежнае назіранне. Для гэтага і сядзяць там такія “назіральнікі”, якія назіраюць за назіральнікамі, - сцвярджае прадстаўнік БХК.

Леанід Мархотка таксама адзначае, што па факту ні старшыня камісіі №19, ні яе сябры прэтэнзіяў да яго не мелі і заўваг не давалі. Рашэнне ж раённай выбарчай камісіі з’явілася толькі праз тры дні пасля інцыдэнту і зроблена толькі на падставе галаслоўнай заявы прадстаўніка “Белай Русі”. Той факт, што на разбіральніцтва камісіі не запрашаўся ніхто з бакоў, кажа аб павярхоўным падыходзе пры вынясенні папярэджаня.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары