Назіральнік Юры Ляшэнка: Выбарчы ўчастак не забяспечаны безбар’ерным асяроддзем
Як стала вядома ПЦ “Вясна”, 11 кастрычніка назіральнік кампаніі "Права выбара" ад БХД Юрый Ляшэнка не змог назіраць за выбарамі на ўчастку №15 ў п. Лясным Мінскага раёна, бо ўваход на ўчастак не прадугледжвае варыянтаў для інвалідаў-вазочнікаў.
Таксама не змог ён і прыпаркавацца: паркоўка ля будынкаў участка і сельсавета (месцяцца побач) не прадугледжвае паркоўку для інвалідаў. Пры гэтым, толькі тыдзень таму скончыўся вялікі рамонт у п. Лясным перад прыездам А. Лукашэнкі.
Юры Ляшэнка распавёў:
“Першапачаткова, мне было цікава назіраць менавіта на гэтым участку, дзе я быў акрэдытаваны, але я не змог на яго патрапіць, таму што ўчастак не забяспечаны безбар’еным асяроддзем. Няма ні пандусу, ні заходу. Я спрабаваў падняцца самастойна, але не змог.
Праз некаторы час да мяне выйшла старшыня камісіі, якая падцвердзіла, што на ўчастку не забяспечана безбар’ернае асяроддзе і прапанавала нейкім чынам дапамагчы. Але якая менавіта дапамога прапаноўваецца – не было пракаментавана. Акрамя таго, я хачу адчуваць сябе паўнавартасным чалавекам, свабодна перасоўвацца, адчуваць сваю незалежнасць ад каго-небудзь, але гэта не было забяспечана.
І для мяне гэта вельмі складана: я не змог скарыстацца сваім правам назіраць за выбарамі, і быў вымушаны з’ехаць на іншы ўчастак, дзе такія ўмовы былі забяспечаныя”.
Таксама, назіральнік адзначае, што зараз яны з калегамі рыхтуюць скаргу па факце недопуску да выязднога назірання:
“Я звярнуўся да старшыні камісіі ўчастку №1 п. Бараўляны з просьбай назіраць за выяздным галасаваннем. Але нам было адмоўлена ў гэтым, і прапанавана, калі ёсць асабісты аўтамабіль, ехаць на ім. Я з калегай селі у мой аўтамабіль і паехалі за машынай, дзе была ўрна. Мы зафіксавалі на камеру гэтую машыну, дзе ехалі толькі два чалавекі, а тры месцы былі вольныя. Але нам не далі магчымасі назіраць за выбарамі на выездзе”.