Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Да пачатку галасавання засталося:

Глуск: пасля заўвагі назіральніка старшыня ўчастковай камісіі выправіў лічбы ў пратаколе без тлумачэнняў (фота)

На Глускім выбарчым участку №2 (на фота) па выбарах прэзідэнта Рэспублікі Беларусь старшыня ўчастковай выбарчай камісіі, начальнік аддзела ЖКГ Глускага райвыканкама Васіль Беразоўскі 10 кастрычніка перарабіў і вывесіў новы пратакол датэрміновага галасавання за 9 кастрычніка пасля заўвагі незалежнага назіральніка Ігара Кірына (фота 1 і 2).

Ігар Кірын звярнуў увагу старшыні выбарчай камісіі на тое, што колькасць застаўшыхся нявыкарыстаных бюлютэней на гэтым выбарчым участку на вечар 9 кастрычніка чамусьці аказалася значна меншай, чым павінна была быць, калі падсумаваць прагаласаваўшых за чатыры дні датэрміновага галасавання. Па словах назіральніка, калі ў другой палове дня ён зрабіў заўвагу на гэты конт старшыні камісіі, той моўчкі сыйшоў і праз некаторы час вывесіў пратакол датэрміновага галасавання за 9 кастрычніка з іншай колькасцю нявыкарыстаных бюлютэней, якая адпавядала сапраўднасці. Чаму ў папярэднім пратаколе колькасць нявыкарыстаных бюлютэней была значна меншай, Васіль Беразоўскі назіральніку не патлумачыў.

10 кастрычніка на Глускім выбарчым участку №2 зноў працягваўся наплыў людзей, жадаючых прагаласаваць датэрмінова. У асноўным на ўчастак ішлі прагаласавацць прадстаўнікі розных бюджэтных арганізацый. Па дадзеных выбарчай камісіі, за 10 кастрычніка на выбарчым участку №2 у Глуску прагаласавала 164 выбаршчыкі. Усяго паўдзельнічалі ў перадвыбарчым галасаванні, згодна пратакола камісіі 645 чалавек, што перавышае 40% ад агульнай колькасці занесеных у спісы выбаршчыкаў.

У гэты ж дзень Глускі выбарчы ўчастак №2 наведаў і пракурор Глускага раёна Л. Палевіч, які праверыў, наколькі адпавядае дзейнасць камісіі выбарчаму заканадаўству і зрабіў некалькі заўваг членам камісіі. Вечарам 10 кастрычніка на ўчастак завіталі назіральнікі АБСЕ з Францыі і Германіі. Яны пагутарылі з членамі выбарчай камісіі і назіральнікамі на ўчастку для галасавання. Падчас гутаркі старшыні камісіі з міжнароднымі назіральнікамі нарэшце высветлілася, што на Глускім выбарчым участку №2 у спісы выбаршчыкаў уключана 1517 чалавек.

Ігар Кірын таксама распавёў пра тое, што 10 кастрычніка ён стаў сведкаў таго, як праўладныя назіральнікі здавалі справаздачы аб сваёй дзейнасці старшыні ўчастковай выбарчай камісіі. Па словах незалежнага назіральніка, у якасці каардынатара дзейнасці праўладных назіральнікаў на Глускім выбарчым участку №2 выступае супрацоўнік ідэалагічнага аддзела Глускага райвыканкама Сяргей Слічонак, які таксама зарэгістраваны ў якасці назіральніка на гэтым выбарчым участку.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары