Бабруйск: на ўчастку №20 зафіксаваны прыпіскі выбаршчыкаў
Журналістка газеты "Бабруйскі кур'ер" Александрына Глаголева расказала, як на ўчастку №20 у спісах тых, хто прагаласаваў датэрмінова, з'явілася сотня лішніх чалавек.
Нагадаем, 9 кастрычніка журналістка збіралася прысутнічаць на гэтым выбарчым участку, каб падрыхтаваць рэпартаж. Ёй забаранілі гэта рабіць як прадстаўніцы СМІ, і Александрыне Глаголевай прыйшлося рэгістравацца ў якасці назіральніцы.
-Я хацела палічыць людзей, якія галасуюць, каб параўнаць свае лічбы з лічбамі камісіі, - кажа журналістка. - Я нейкі час была на ўчастку №20, занатоўвала, і гэта не спадабалася старшыні камісіі. Дзве гадзіны яны вырашалі, кім я магу быць, журналісткай ці назіральніцай, і гэты час я не знаходзілася ў памяшканні для галасавання. Тады і з'явіліся гэтыя нерэальныя лічбы, нібыта за дзве гадзіны прагаласавалі 120 чалавек, то бок, па чалавеку ў хвіліну! Сябры камісіі не ўлічылі тое, што я стаяла ўвесь гэты час каля ўваходу, і працягвала лічыць выбаршчыкаў. Я налічыла каля 45 чалавек. І нават ад гэтай колькасці можна смела адымаць некалькі чалавек, бо не ўсе заходзяць на ўчастак, каб прагаласаваць, нехта прыходзіць, каб задаць нейкія пытанні. Да таго ж я нейкі час лічыла людзей каля ўваходу ў сам будынак, а яны маглі проста ісці ў свае офісы ці па справах. Таму, мяркую, менавіта тых, хто прагаласаваў было не больш за 25 чалавек.
Да таго часу, як Александрына Глаголева прыйшла на ўчастак, там працавала назіральніца кампаніі "Права выбару". Яна налічыла 30 чалавек, якія прагаласавалі. Рэшту дня лічыла журналістка, і налічыла 71 чалавека. Але ў выніковым пратаколе сябры камісіі пазначылі лічбу больш за 200 чалавек.