Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Да пачатку галасавання засталося:

У Глуску колькасць жадаючых прагаласаваць датэрмінова нарастала з кожным днём

На Глускім выбарчым участку №2 колькасць жадаючых прагаласаваць датэрмінова нарастала з кожным днём датэрміновага галасавання. Калі ў першы дзень датэрміновага галасавання 6 кастрычніка выбарчы ўчастак наведалі і прагаласавалі 53 выбаршчыкі, то 9 кастрычніка, згодна пратакола выбарчай камісіі, такіх грамадзян было ўжо 188 чалавек.

Назіральнік ва ўчастковай выбарчай камісіі на Глускім выбарчым участку №2 Ігар Кірын адзначае, што, згодна вывешваемых на ўчастку пратаколаў аб датэрміновым галасаванні, 6 кастрычніка прагаласавала 53 выбаршчыкі, 7 кастрычніка – 90, 8 кастрычніка – 150, 9 кастрычніка – 188 выбаршчыкаў. Колькасць датэрмінова прагаласаваўшых грамадзян на Глускім выбарчым участку №2 за чатыры дні ўжо пераваліла за 30% ад унесеных у спісы выбаршчыкаў.

Дадзеныя назіральніка, які пастаянна знаходзіцца на выбарчым участку падчас датэрміновага галасавання, пачалі адрознівацца ад дадзеных камісіі ўжо на другі дзень датэрміновага галасавання. Па падліках Ігара Кірына, 7-га кастрычніка на выбарчым участку №2 у Глуску прагаласавала 87 чалавек, 8-га – 148, і 9 кастрычніка 186 выбаршчыкаў.

Па словах Ігара Кірына, вельмі шмат жадаючых прагаласаваць датэрмінова глусчан з’яўляецца ў перыяд з 16 да 18 гадзін, калі на выбарчым участку нават узнікаюць чэргі з жадаючых атрымаць бюлютэні. Назіральнік кажа, што ў апошнія дні масава на выбарчы ўчастак ідуць супрацоўнікі бюджэтных арганізацый – работнікі адукацыі, культуры, супрацоўнікі праваахоўных органаў, работнікі райвыканкама, а таксама начальнікі розных узроўняў.

У пратаколе датэрміновага галасавання, вывешаным на Глускім выбарчым участку №2 вечарам 9 кастрычніка, колькасць нявыкарыстаных бюлютэней чамусьці атрымалася значна меншай, чым павінна быць, калі падсумаваць колькасць усіх прагаласаваўшых за чатыры дні выбаршчыкаў. Будзе вельмі цікава даведацца, якая лічба нявыкарыстаных бюлютэней і прагаласаваўшых грамадзян будзе агучана на Глускім выбарчым участку №2 па сумарных выніках датэрміновага галасавання.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары