Брэст: у абласную выбарчую камісію скаргаў няма
Тое, што ў абласную выбарчую камісію няма скаргаў, сведчыць пра тое, што людзі не прызвычаілся адстойваць свае правы. Такія высновы робіць сябра Брэсцкай абласной выбарчай камісіі Сяргей Магонаў, які прадстаўляе ў гэтым органе Аб'яднаную грамадзянскую партыю.
Паводле яго слоў, сёлетняя выбарчая кампанія адбываецца ціха і спакойна не толькі таму, што існуе палітычная апатыя ў грамадстве. Заўважна, што грамадзяне практычна не карыстаюцца сваімі правамі, прадугледжанымі заканадаўствам аб выбарах, а замест скаргаў па фактах парушэнняў, пакідаюць свае допісы ў сацыяльных сетках.
“Відавочна, што асноўная частка насельніцтва папросту не ведае аб правах і магчымасцях, якія прадстаўляюцца Выбарчым кодэксам, - распавёў Сяргей Магонаў. - Менавіта таму грамадскім і палітычным актывістам, а таксама прадстаўнікам улады варта было б праводзіць больш актыўную працу па прарвавой пісьменнасці грамадзян. Любыя заўвагі, скаргі на парушэнні выбарчага працэсу мае сэнс публікаваць не ў фэйсбуку, а надаваць у пісьмовую форму і накіроўваць у адпаведныя інстанцыі для прыняцця мер”.