Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Да пачатку галасавання засталося:

Назіральнікі сведчаць пра завышэнне камісіямі яўкі выбаршчыкаў на датэрміновым галасаванні

Фота: Аляксей Лапіцкі
Фота: Аляксей Лапіцкі

Незалежныя назіральнікі кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” фіксуюць вялікую розніцу паміж фактычнай колькасцю выбаршчыкаў, што прыходзяць на ўчасткі і тымі звесткамі, якія на прыканцы кожнага дню датэрміновага галасавання абвяшчаюць участковыя выбарчыя камісіі.

Так, у першы дзень такая розніца паміж налічанымі назіральнікамі выбаршчыкамі і выдадзенымі ў спісах камісіямі складала 605 чалавекі (5,5%) агулам па 155 участкам, у другі – 703 чалавекі (4,8%) па 162 участкам, у трэці – 1256 чалавек (7,13%) па 140 участкам.

Аляксей Колчын, які назірае за выбарамі ў Магілёве, паведамляе, што пры назіранні ў назіральнікаў атрымоўваецца адна лічба, а ў камісіі – зусім іншая:

“Перад тым як выкласці пратакол даволі працяглы час старшыня камісіі і іншыя яе члены раяцца паміж сабой шэптам, нібыта гэта таямніца, а потым вывешваюць гэтыя лічбы. Вельмі цяжка казаць пра нейкія матэматычныя памылкі, калі, да прыкладу, учора ў камісіі атрымалася лічба 97 чалавек, а па нашых падліках - усяго 49. Відавочна, што адбываецца штучнае перабольшванне яўкі выбаршчыкаў”.

Назіральнік з Мазыра Уладзімір Целяпун адзначае, што ён з калегамі лічаць кожнага чалавека, што прыходзіць на ўчасткі, але чамусьці лічбы на прыканцы дню не супадаюць з вынікамі камісій.

“Магчыма ўкіды адбываюцца ў перапынках, калі на ўчастках няма назіральнікаў. Пры гэтым цікава, што людзі не вельмі ахвотна прыходзяць галасаваць. Тым не менш, у складзе камісій у вялікай колькасці прадстаўлены кіраўнікі розных дзяржаўных прадпрыемстваў. І вось, напрыклад, сёння, у пятніцу, пасля працоўнага дня людзей заклікаюць прыйсці галасаваць, пры гэтым кажуць, што нават не патрэбна мець пры сабе пашпарт, дастаткова прад’явіць працоўны пропуск.

Акрамя таго, я ўчора хацеў падаць скаргу ў акруговую Мазырскую раённую камісію, але з 11.30 да 13.00 камісія была зачыненая: ніхто там не дзяжурыў, усе аб’язджалі ўчастковыя выбарчыя камісіі. І я змог падаць сваю скаргу толькі пасля абеду”.

Павел Левінаў назірае за ходам датэрміновага галасавання ў Віцебску і адзначае:

“Бярэм проста калькулятар і лічым: на ўчастак прыходзіць, па сведчанням камісіяў, 193-198, груба кажучы – 200 чалавек у дзень. Участак працуе 7 гадзін. Дзелім 200 чалавек на 7, атрымоўваецца ў гадзіну павінна прыйсці 28 з паловай чалавек, г. зн. Кожные 2 хвіліны павінен прыходзіць выбаршчык. Нават чыстая арыфметыка паказвае, што такое немагчыма, пры чым, што сядзіць назіральнік і лічыць колькасць выбаршчыкаў.

Па нашым сведчанням, там дзе мы назіралі, у першы дзень прыпісалі 50 чалавек, у другі дзень – 50 чалавек, у трэці дзень – 100 чалавек. Атрымоўваецца за два дні прыпісалі 200 чалавек, а гэта 10% выбаршчыкаў”.

Нагадаем, больш 400 кароткатэрміновых назіральнікаў кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” вядуць штодзённае назіранне за правядзеннем датэрміновага галасавання больш, чым на 200 выбарчых участках па ўсёй тэрыторыі краіны. Вынікі назірання штодзённа апрацоўваюцца і з’яўляюцца рэпрэзентатыўнымі і дазваляюць ацаніць асноўныя тэндэнцыі правядзення датэрміновага галасавання.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"


Каментары