Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Да пачатку галасавання засталося:

Баранавічы: дадзеныя па яўцы камісіі і незалежных назіральнікаў яшчэ больш разыходзяцца

Па выніках трэцяга дня датэрміновага галасавання на выбарчым участку № 20 (г. Баранавічы, СШ № 15, вул. Гаевая, дом 59) у незалежных назіральнікаў і камісіі выявілася яшчэ большае разыходжанне па колькасці прагаласаваўшых. У выніковым пратаколе, які быў вывешаны 8 кастрычніка пасля 19.00 для агульнага азнаямлення, пазначана, што ў гэты дзень на выбарчым участку № 20 прагаласавала 247 грамадзян, а ў назіральнікаў аказалася толькі 119.

– Трэці дзень мы ўдзельнічаем у назіранні за працэсам датэрміновага галасавання на гэтым выбарчым участку, і па нашых падліках 8 кастрычніка прагаласавала толькі 119 чалавек, а ўчастковая камісія паведаміла лічбу 247. Як бачыце, розьніца складае 128 чалавек. Трэці дзень запар мы маем магчымасць пераканацца, што гэтую колькасць людзей проста нахабна прыпісваюць. Атрымліваецца, што за тры дні датэрміновага галасавання на выбарчым участку № 20 дадаткова “прагаласаваў” 291 чалавек, – пракаментаваў незалежны назіральнік Рыгор Грык.

Грамадскі актывіст дадаў, што ён і яго напарніца на назіранні Таццяна Стрэльчык пасля другога дня датэрміновага галасавання напісалі скаргу ў Баранавіцкую міжраённую пракуратуру, а таксама ў ЦВК і спадзяваліся, што прыпіскі і беззаконне на выбарчым участку № 20 будуць спынены. Але безвынікова. Складваецца такое ўражанне, што кіраўнік участковай камісіі Віктар Дулуб адчувае не толькі сваю беспакараннасць, падкрэсліў Рыгор Грык, але моцную падтрымку прадстаўнікоў дзяржаўных структур. Грамадскі актывіст перакананы, што неабходна нанова пісаць скаргі ў вышэйшыя дзяржаўныя органы аб грубым парушэнні заканадаўства на выбарчым ўчастку № 20.

9 кастрычніка Рыгор Грык і Таццяна Стрэльчык накіравалі паўторную скаргу ў Баранавіцкую міжраённую пракуратуру і ЦВК па факту падробкі выбарчых дакументаў у трэці дзень датэрміновага галасавання.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары