У Баранавічах назіральнікі заяўляюць пра падробку дакументаў датэрміновага галасавання
Назіральнікі з Баранавічаў Рыгор Грык і Таццяна Стрэльчык зафіксавалі падробку выбарчых дакументаў у два першыя дні датэрміновага галасавання і накіравалі адпаведную скаргу ў Баранавіцкую міжраённую пракуратуру.
Увесь час назіральнікі прысутнічалі на выбарчым участку №20 г. Баранавічы, лічылі і запісвалі колькасць прагаласаваўшых выбаршчыкаў. Па іх падліках у першы дзень датэрміновага галасавання – 6 кастрычніка, прагаласавала 39 выбаршчыкаў. Аднак, у пратаколе пасля закрыцця ўчастку з’явілася лічба ў 143 выбаршчыкі. На другі дзень – 7 кастрычніка, сітуацыя паўтарылася: назіральнікі налічылі за ўвесь дзень 87 чалавек, якія прагаласавалі, у той час у пратаколе было адзначана – 146 чалавекі.
Назіральнікі мяркуюць, што ўкід бюлетэняў мог адбыцца ў абед ці ноччу.
“Паколькі скрыні для папярэдняга галавання захоўваюцца ноччу без нашага назірання, мы не можам быць упэўненнымі ў іх захаванасці, магчымы ўкід бюлетэняў гэтых прыпісаных лішніх выбаршчыкаў. Дно скрыні не запячатана, і падчас галасавання было заўважана, як паміж бакавой сценкай і дном высунуўся край выбарчага бюлетэня. На заўвагу назіральніка пра гэта, дзяжурны сябра камісіі падыйшоў і рукамі запіхаў яго назад у скрыню”, - пішуць у скарзе Р. Грык і Т. Стрэльчык і лічаць, што дадзеныя парушэнні паўплываюць на вынікі галасавання.
Таму назіральнікі просяць Баранавіцкую міжраённую пракуратуру правесці праверку па названых фактах, прызнаць вынікі датэрміновага галасавання на выбарчым участку №20 несапраўднымі, а таксама прыцягнуць да крымінальнай адказнасці парушальнікаў выбарчага заканадаўства.