Баранавічы: за два дні датэрміновага галасавання на участку № 20 разыходжанні ў яўцы амаль у 2 разы
Па выніках другога дня датэрміновага галасавання на выбарчым участку № 20 (г. Баранавічы, СШ № 15, вул. Гаевая, дом 59) у незалежных назіральнікаў і камісіі выявілася вялікае разыходжанне па колькасці прагаласаваўшых. У выніковым пратаколе, які быў вывешаны 7 кастрычніка пасля 19.00 для агульнага азнакамлення, пазначана, што ў гэты дзень на выбарчым участку № 20 прагаласавала 146 грамадзян, а ў назіральнікаў аказалася толькі 87.
– Другі дзень мы вельмі пільна назіраем за працэсам датэрміновага галасавання на гэтым выбарчым участку, і па нашых падліках сёння прагаласавала толькі 87 чалавек, а ўчастковая камісія паведаміла лічбу 146. Як бачыце, розьніца складае 59 чалавек. Другі раз мы маем магчымасць пераканацца, што гэтую колькасць людзей проста прыпісалі. Атрымліваецца, што за два дні датэрміновага галасавання на выбарчым участку № 20 дадаткова “прагаласавалі” 153 чалавекі, – пракаментаваў незалежны назіральнік Рыгор Грык.
Грамадскі актывіст таксама адзначыў, што на выбарчым участку № 20 прысутнічаюць назіральнікі ад БРСМ, “Белай Русі”, “Саюза афіцэраў”, ветэранскіх і жаночых праўладных арганізацый, але яны не лічаць колькасці прагаласаваўшых на ўчастку.