Бабруйчане галасуюць пад кантролем начальства
Датэрміновае галасаванне праходзіць у Бабруйску як ніколі гучна, яно шырока асвятляецца ў мясцовых СМІ. За першыя два дні на выбарчыя ўчасткі прыйшлі практычна ўсе навучэнцы каледжаў. Газета гарвыканкаму "Бабруйскае жыццё" тлумачыць гэта асабістым жаданнем выбаршчыкаў.
- Рабяты актыўна галасуюць. Не адстае ад маладых выбаршчыкаў і старэйшае пакаленне: за пятнаццаць хвілін да пачатку датэрміновага галасавання сябраў камісіі ўжо чакалі тры жыхары прыватнага сектара. Яно і зразумела: важная падзея, людзі хочуць вызначыцца з выбарам. Што будзе далей, бо шмат у чым залежыць ад кожнага з нас. Таму абыякавых няма, - цытуе выданне словы старшыні ўчастковай камісіі №27 Аляксандра Русіна.
Між тым, незалежныя назіральнікі заяўляюць пра факты прымусу да галасавання як у навучальных установах, так і ў працоўных калектывах.
-Начальнік настойліва рэкамендаваў нам пайсці прагаласаваць, самі разумееце, нікому не хочацца праблем на працы, - распавядае Міхаіл, працоўны дарожна-будаўнічага прадпрыемства.
-Я назіраю на выбарчым участку № 28, і там адбыўся цікавы выпадак, - распавядае назіральнік кампаніі "Права выбару" Яўген Васьковіч. - Адна жанчына расказала, што "нам у Дэпартаменце аховы загадалі ўсім прагаласаваць пад роспіс". Проста расказала, як пра нейкую звычайную рэч.
Таксама назіральнікі адзначаюць, што па выніках другога дня яўка значна вырасла, - недзе ў два, а недзе і ў тры разы.