Бяроза: прагаласаваўшыя датэрмінова абавязаны адчытацца аб гэтым начальству
У Бярозе выбаршчыкі не хаваюць, што ва ўстановах і прадпрыемствах кожны дзень начальнікі, аддаўшы загад прагаласаваць датэрмінова, потым спраўджваюць, ці прагаласавалі іх супрацоўнікі. Некаторыя з галасуючых гавораць пра гэта і на выбарчых участках ў прысутнасці сябраў камісіі і назіральнікаў.
На выбарчым участку №11, які размешчаны ў будынку раённай бальніцы, адбыўся ўвогуле анекдактычны выпадак. Супрацоўнік МНС падыйшоў да стала камісіі і сказаў, што ён ляжыць тут у бальніцы, і яму начальнік сказаў пайсці прагаласаваць. Выбаршчык паказаў і пашпарт.
Адзін з сябраў камісіі сказаў:
--Калі вас выпішуць да 11 кастрычніка, то прыйдзеце самі, а калі не, то мы да вас прыйдзем у палату 11-га.
--А што мне адказаць начальніку? – сумеўся мужчына.
У той жа камісіі маладая жанчыне яшчэ на падыходзе да стала, дзе сядзіць камісія, адрапартавала: “Прыйшла прагаласаваць, бо мяне паслаў начальнік, але мне яшчэ лепш, сёння хоць чаргі няма”. Парэкамендавала начальства прагаласаваць і работніцы санэпідстанцыі, і сацыяльнай работніцы. Адна з майстроў на вытворчасці сказала назіральніку:
--Не хачу галасаваць зусім, але застануся без працы, калі не пайду.
На пытанне, а хто даведаецца, адказала:
--Ну што вы? На мінулых выбарах мне пазванілі і назвалі, хто з маіх работнікаў не прагаласаваў датэрмінова, каб прыняла меры. Яны маюць сувязь з камісіямі і правяраюць.
На выбарчым участку №4 у першы дзень датэрміновага галасавання галасаваць прыйшлі вайскоўцы.
З вёскі Аздамавічы Столінскага раёна ў сацыяльных сетках з’явіўся крык SOS ад работніка сельгаспрадпрыемства “Палеская ніва” і сацыяльнага работніка з гэтай вёскі: нас прымушаюць галасаваць датэрмінова пад пагрозай звальнення.