Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Да пачатку галасавання засталося:

У Крычаве пастаўлена задача, каб датэрмінова прагаласавалі не меней за 25% выбаршчыкаў

Незалежныя назіральнікі ў Крычаве адзначаюць, што на другі дзень датэрміновага галасавання 7 кастрычніка рэзка павялічылася колькасць людзей, якія выказалі жаданне прагаласаваць датэрмінова. Асабліва павялічылася колькасць такіх “жадаючых” на выбарчых участках пасля 17 гадзін вечара, калі на прадпрыемствах і ў арганізацыях скончыўся працоўны дзень.

Па інфармацыі назіральнікаў, у Крычаўскім райвыканкаме была праведзена адмысловая нарада з кіраўнікамі прадпрыемстваў і арганізацый горада і раёна, на якім перад імі была пастаўлена задача забяспечыць яўку на датэрміновае галасаванне ў Крычаўскім раёне не менш за 25% выбаршчыкаў. Назіральнік БХК у Крычаўскай раённай камісіі па выбарах прэзідэнта РБ Сяргей Няроўны лічыць, што лічба датэрмінова прагаласаваўшых у Крычаўскім раёне перавысіць 30%, бо чыноўнікі з імпэтам адразу ж узяліся выконваць загад кіраўніцтва.

Так, на Сожавы ўчастак №4 у Крычаве 7 кастрычніка адмыслова прыязджала намесніца генеральнага дырэктара ААТ “Крычаўцэменташыфер” Жана Кустрэй і звярала там спісы працаўнікоў прадпрыемства, якія ўжо прагаласавалі.

Па словах незалежнай назіральніцы на Вакзальным №8 участку для галасавання ў Крычаве Надзеі Івановай, ёй асабіста некалькі працаўнікоў ААТ “Крычаўцаменташыфера” пасля ўдзелу ў датэрміновым галасаванні казалі, што прагаласаваць датэрмінова іх прымусіла кіраўніцтва прадпрыемства. Надзея Іванова кажа, што 7 кастрычніка на Вакзальным участку №8 адбыўся наогул анекдатычны выпадак, калі працаўнік аднаго з прадпрыемстваў прыйшоў на ўчастак і прасіў у членаў камісіі бюлютэнь для галасавання, каб ён змог прагаласаваць, бо яго начальнік хвалюецца. Калі ж члены камісіі адмовіліся выдаваць выбарчы бюлютэнь, бо ў грамадзяніна не было пашпарта, а за развіццём падзей назірала незалежная назіральніца, то грамадзянін пачаў прасіць, каб члены камісіі патэлефанавалі яго кіраўніку і паведамілі, што ён сапраўды прыходзіў прагаласаваць.

Сяргей Няроўны адзначае, што 7 кастрычніка колькасць “жадаючых” прагаласаваць датэрмінова ўзрасла на ўсіх чатырох выбарчых участках у Крычаве, дзе вядуць назіранне незалежныя назіральнікі.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары