Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Да пачатку галасавання засталося:

Агітацыйныя сходы супраць абрання прэзідэнтам Аляксандра Лукашэнкі прайшлі ў Гомелі

У Гомелі 7 кастрычніка па ініцыятыве мясцовых актывістаў АГП і партыі левых «Справядлівы свет» прайшлі сходы з мэтай агітацыі супраць абрання прэзідэнтам Аляксандра Лукашэнкі. Арганізатарамі мерапрыемстваў былі актывіст АГП Уладзімір Кацора і рэгіянальны лідар партыі левых «Справядлівы свет» Уладзімір Сякерка. Сходы прайшлі ў актавай зале сярэдняй школы №57 і ДК «Гомсельмаш». Дазвол на мерапрыемства ў памяшканнях, вызначаных мясцовымі ўладамі для агітацыі, дала выбарчая камісія Чыгуначнага раёна Гомеля.

На першай сустрэчы прысутнічалі каля 60 чалавек, на другой, у ДК «Гомсельмаш» - каля 150.

Уладзімір Кацора пералічыў некаторыя сумныя для краіны наступствы кіравання Аляксандрам Лукашэнкам – такія, як лідарства ў свеце па спажыванні алкаголю. «Нацыя співаецца, а дзяржаве няма ніякай справы да гэтага, наадварот – яшчэ ўвялі і кругласутачны гандаль спіртнымі напоямі, каб латаць дзіркі ў бюджэце, якія ўтварыліся ад «эфектыўнага» кіравання. Камбайны трэба ўмець прадаць, знайсці пакупнікоў, а на гарэлку попыт ёсць», - адзначыў актывіст АГП.

Ён нагадаў, што краіна пасля 20 гадоў кіравання Аляксандрам Лукашэнка мае вялікія знешнія пазыкі, людзі атрымліваюць мізэрныя заробкі і не могуць расплаціцца з крэдытамі. Між тым, выбары ўлады фальсіфікуюць, а апазіцыю не дапускаюць да працы ва ўчастковых камісіях. Па словах Уладзіміра Кацоры, дзейсны прэзідэнт не ў стане нешта змяніць, а сацыяльна-эканамічны стан краіны будзе толькі пагаршацца.

Уладзімір Сякерка расказаў пра шэраг адмоўных рысаў дзейснага кіраўніка дзяржавы, які не выконвае абяцанні, якія раздаваў перад кожнымі выбарамі, і непаслядоўны - «сёння гаворыць адно, а заўтра – зусім іншае». На думку рэгіянальнага лідара левых, дзейны кіраўнік дзяржавы парушае закон – калі яго сыны працуюць яго падначаленымі, і калі ён заяўляе, як у 2010 годзе, што «выбары былі фальсіфікаваныя», і не нясе за свае словы ніякай адказнасці.

Нагадаў палітык і пра карупцыю, якая, насуперак абяцанням прэзідэнта, не зменшылася ў краіне, і пра маральнае аблічча кіраўніка краіны, калі беларускі народ нават не ведае – ці ёсць у прэзідэнта жонка, хто яна, і адкуль у яго малодшы сын.

Пытанні ад удзельнікаў сустрэчы паступілі наконт таго, што апазіцыя можа прапанаваць народу, і дзе можна знайсці дапамогу, калі мясцовая ўлада не хоча вырашаць праблемы людзей. На сустрэчы прысутнічаў намеснік Гомельскага абласнога аддзялення ГА «Беларускі фонд міру» Уладзімір Восараў, які папікнуў Уладзіміра Сякерку за тое, што актывісты яго партыі ўскладаюць кветкі да помніка Леніну асобна ад актывістаў КПБ. «Вы так аддзяляецеся, што можаце так і краіну падзяліць», - выказаўся прадстаўнік Беларускага фонду міру».

На сустрэчы ў ДК «Гомсельмаш» на сцэну выйшла дырэктар карціннай галерэі Гаўрыіла Вашчанкі Людміла Шымбалёва, якая перайшла на асобы і папікнула Уладзіміра Сякерку ў тым, што яго сын жыве за мяжой. Пасля сваёй «прамовы» чыноўнік адразу ж збегла, як і яшчэ некалькі прадстаўнікоў «Белай Русі», якія задавалі правакацыйныя пытанні.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары