На сустрэчу з Мікалаем Улаховічам у Віцебску сабралася каля 25 чалавек
Сустрэча праходзіла ў актавай зале сярэдняй школы №31. Кандыдат у прэзідэнты заявіў, што спадзяваўся на большую колькасць народу: "Я меркаваў, раз гэта ўстанова адукацыі, то мусіць быць шмат моладзі. Але яе ніхто не паклікаў".
Хто мусіў склікаць выбаршчыкаў на сустрэчу са спадаром Улаховічам, так і засталося нявысветленым. Прынамсі, улёткі з праграмай кандыдата раздавалі нейкія спадарыні, якія не змаглі назваць ні мясцовых прадстаўнікоў ініцыятыўнай групы прэтэндэнта на высокі пост, ні імя віцебскага казацкага атамана, які прывёў на сустрэчу з дзясятак сваіх паплечнікаў.
Адзін з тэзісаў прамовы Мікалая Улаховіча быў пра тое, што ён "паказаў свету беларускае казацтва", і што цяпер ён будзе займацца партыйным будаўніцтвам. А таму на прэзідэнцкіх выбарах ён "ужо перамог", бо ведае, што трэба рабіць далей.
У прамове прагучалі меркаванні па розных праблемах. Прыкладам, пра тое, што што ў Беларусі трэба ўводзіць новую сімволіку – "не бел-чырвона-белую", але і не былую савецкую – а абсалютна новую, "ва ўнісон сённяшняму дню". Спадар Улаховіч сказаў, што ён супраць беларускамоўнага навучання ў школах, бо яму "было дужа цяжка перавучвацца пасля 5 класаў у беларускай школе". І што яму не падабаецца мода на беларускую мову ў моладзевым асяродку.
З вуснаў кандыдата прагучала заява пра тое, што беларусы не мусяць быць уцягнутыя ва ўкраінскія падзеі, як на баку ДНР, так і на баку АТА. І што Беларусь мусіць стаць палітычнай пляцоўкай, на якой паміж сабою памірацца Расія і Украіна.
Пра еднасць з Расіяй увогуле гаварылася вельмі шмат. Мікалай Улаховіч лічыць, што Беларусь і Украіна неад'емныя ад Расіі, што ў ёй – агульныя карані "беларусаў і маларосаў", і што без Расіі ў Беларусі ніяк не атрымаецца адолець наступствы сусветнага крызісу.