Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Да пачатку галасавання засталося:

Назіральнік ад Руху «За Свабоду» пазбаўлены акрэдытацыі

Пётр Маркелаў.
Пётр Маркелаў.

Назіральнік ад Руху «За Свабоду» ад кампаніі «Права выбару» Пётр Маркелаў пазбаўлены акрэдытацыі. Ён назіраў за хадой галасавання на выбарчым участку №10 Першамайскага раёна Мінска ў межах моладзевай ініцыятывы «87%». Арганізаваная анлайн-трансляцыя, але яе працяг - пад пытаннем, бо чальцы выбарчай камісіі забаранілі карыстацца электрычнасцю.

«У абед участковая выбарчая камісія правяла паседжанне, на якім пазбавіла мяне акрэдытацыі», - распавёў прэс-службе «Права выбару» Пётр Маркелаў. 

Па ягоных словах, на яго былі пададзеныя 8 скаргаў – ад праўладных назіральнікаў, сябраў камісіі – па абсалютна розных надуманых прычынах. «Я хацеў сфатаграфаваць паперы, але старшыня камісіі не дазволіў», - патлумачыў назіральнік.

Маркелаў плануе застацца назіраць, бо на гэты момант назіральнікаў “Права выбару” адсадзілі з пакоя на месцы ў калідоры.

Яны рыхтуюць скаргу на рашэнне камісіі пра пазбаўленне акрэдытацыі. Акрамя таго, рыхтуюцца яшчэ дзве скаргі па парушэннях на гэтым участку – пра неапячатванне пакою са скрыняй для галасавання і знаходжанне невядомых асобаў на выбарчым участку.

«Сёння толькі другі дзень датэрміновага галасавання, - пракаментаваў пазбаўленне акрэдытацыі назіральніка ад Руху першы намеснік старшыні арганізацыі Юрась Губарэвіч. - Мы прагназуем павелічэнне фактаў падобных інцыдэнтаў у суботу-нядзелю».

Па ягоных словах, з досведу мінулых гадоў выбарчым камісіям назіральнікі на ўчастках не патрэбныя, бо могуць засведчыць парушэнні. «Відавочна, што на гэтых выбарах гэта паўтараецца», - заключыў Губарэвіч.


Каментары