Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Да пачатку галасавання засталося:

Баранавічы: у першы дзень галасавання ўчастковая камісія паведаміла, што прагаласавалі 143 чалавекі, а назіральнікі налічылі толькі 39

Па выніках першага дня датэрміновага галасавання на выбарчым участку № 20 (г. Баранавічы, СШ № 15, вул. Гаевая, дом 59) у незалежных назіральнікаў і камісіі выявілася вялікая разыходжанне па колькасці прагаласаваўшых. У выніковым пратаколе, які быў вывешаны 6 кастрычніка пасля 19.00 для агульнага азнакамлення, пазначана, што ў гэты дзень на выбарчым участку прагаласавалі 143 чалавекі, а ў назіральнікаў аказалася толькі 39.

– Мы цэлы дзень уважліва назіралі за працэсам датэрміновага галасавання на гэтым выбарчым участку, і па нашых падліках прагаласавала толькі 39 чалавек. Як бачыце, розніца складае 104 чалавекі. Я не ведаю, адкуль узяліся гэтыя людзі, але думаю, што іх проста прыпісалі. Калі ўчастковая камісія будзе так лічыць галасы выбаршчыкаў, то выбары могуць адбыцца датэрмінова, і 11 кастрычніка нікога не будзе на выбарчым участку, – пракаментаваў назіральнік Рыгор Грык.

Грамадскі актывіст таксама адзначыў, што на выбарчым участку № 20 дно скрыні для датэрміновага галасавання не апячатана, і з дзіркі тырчаў белы ліст паперы. Толькі пасля заўвагі назіральніка па загадзе старшыні ўчастковай камісіі гэты ліст зноў прапхнулі назад у скрыню.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары