Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Да пачатку галасавання засталося:

На прадпрыемствах і ў інтэрнатах людзей прымушаюць галасаваць датэрмінова

У першы ж дзень датэрміновага галасавання - 6 кастрычніка - да “Праваабаронцаў за свабодныя выбары” пачалі звяртацца з інфармацыяй неабыякавыя людзі, якія  фіксуюць парушэнні выбарчага заканадаўства.

Так, інфармацыя пра прымусовае галасаванне паступіла ад студэнта Д. з БАТУ і студэнта БДУ.

Пасля перадалі сведчанні і жыхары інтэрнату па адрасе: г. Мінск, вул. Прылукская, 50, дзе 6 кастрычніка з 16.00 ўсіх жыхароў “гналі” галасаваць датэрмінова.

Пра парушэнні паведаміў і супрацоўнік прадпрыемства “Белаз-холдынг”:

“У сувязі з будучымі важнымі падзеямі ў нас на прадпрыемстве кіраўніцтва ў тэрміновым парадку збірае інфармацыю пра супрацоўнікаў. І падаецца, што нічога страшнага: тэлефон, адрас прапіскі і пражывання, але неяк не прыемна. Але і гэта не ўсё! Ужо тыдзень як ціснуць, маўляў, схадзіце на выбары абавязкова, прагаласуйце датэрмінова. Пры гэтым ёсць і “пернік” – выдаюць службовыя звальняльныя на пару гадзінаў, якія аплочваюцца, для таго, каб працаўнік схадзіў і прагаласаваў датэрмінова. Начальнікі нізкага звяна апраўдваюцца так: “нам далі ўказанне, мы выконваем”.

Праваабаронцы нагадваюць, што згодна з артыкулам 65 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь выбары з'яўляюцца свабоднымі: выбаршчык асабіста вырашае, удзельнічаць яму ў выбарах ці не і за каго галасаваць.

Пра парушэнне выбарчага заканадаўства, а таксама пра выпадкі прымусовага ўдзелу ў датэрміновым галасаванні можна пісаць на скрыню: elections2015@spring96.org

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"


Каментары