Актывістку АГП з Брэста звальняюць з працы пасля ўдзелу ў сёлетняй выбарчай кампаніі
Сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Людміла Захаранка, якая актыўна збірала подпісы за вылучэнне кандыдатам на пасаду прэзідэнта лідара АГП Анатоля Лябедзькі, атрымала паведамленне ад адміністрацыі Брэсцкага электрамеханічнага завода, што працоўны кантракт з ёй не будзе працягнуты.
Прычыну такога рашэння ніхто з кіраўніцтва завода не тлумачыць, а сама Людміла Захаранка лічыць скасававанне кантракту палітычна матываваным. “Ніякіх дысцыплінарных спагнанняў і заўвагаў не было, і падставаў для таго, каб мяне пазбавілі працы, я не бачу”, -— кажа Людміла Захаранка.
Яна адзначае, што непрыемнасці пачаліся пасля таго, як нехта з адміністрацыі прадпрыемства ўбачыў яе падчас збору подпісаў за Анатоля Лябедзьку. ”Мне далі зразумець, што рабіць гэта не варта, бо можа адбіцца на працягу маёй працоўнай дзейнасці. Так і атрымалася”, - заўважае Людміла Захаранка.
Актывістка АГП мае намер абскарджваць рашэнне прадпрыемства, у тым ліку, накіраваць да кіраўніцтва ліст з просьбай даць афіцыйныя тлумачэнні.