Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Да пачатку галасавання засталося:

Брэст: намеснік дэкана, яна ж назіральнік, забараняе студэнтам распавядаць пра прымус да ўдзелу ў датэрміновым галасаванні

Святлана Куган. Фота з сайта belsat.eu
Святлана Куган. Фота з сайта belsat.eu

Студэнты Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага універсітэта паскардзіліся, што іх прымушаюць галасаваць датэрмінова. Незалежныя журналісты паспрабавалі высветліць падрабязнасці і зрабіць інтэрв’ю са студэнтамі, якія прыйшлі на выбарчы ўчастак, але прадстаўнікам СМІ замінала працаваць супрацоўніца ўніверсітэту, што прадставілася назіральнікам.

Журналісты Алесь Ляўчук і Мілана Харытонава спачатку наведалі галоўны корпус тэхнічнага ўніверсітэта, а пасля іншыя ўчасткі, што месцяцца ў кафэ “Зодчыя”, якое таксама належыць гэтай вышэйшай навучальнай установе. Тут яны пачулі ад студэнтаў, што іх прымушаюць браць удзел у датэрміновым галасаванні, а прадстаўнік універсітэта кантралюе яўку на выбарчым участку.

Высветлілася, што гэтым прадстаўніком з’яўляецца намеснік дэкана па выхаваўчай працы БрДТУ Святлана Куган (на фота), якая была акрэдытаваная на ўчастку для галасавання ў якасці назіральніка ад грамадскага аб’яднання “Белая Русь”. Менавіта яна фактычна забараніла студэнтам даваць каментар незалежым журналістам, а іншыя студэнты пасля гутаркі са спадарыняй Куган заявілі, што прыйшлі галасаваць датэрмінова паводле ўласнай ініцыятывы.

Цікава, што сама Святлана Куган не пажадала назваць журналістам сваё прозвішча і пасаду, але паабяцала падаць у суд за паклёп.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары