Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Да пачатку галасавання засталося:

Пікеты пра байкот выбараў у Віцебску не дазволілі

21 заяўку на пікеты падалі віцебскія сябры КХП БНФ. Усе тры раённыя адміністрацыі забаранілі правядзенне акцый.

Паводле афіцыйных адказаў, прычына забароны – не ў змесце і не ў мэце акцый. А толькі ў тым, што заяўнікі не прыклалі дамовы з міліцыяй, камунальнікамі і медыкамі. Гэтак рабіць прадпісвае рашэнне №881 Віцебскага гарвыканкаму ад 10 ліпеня 2009 года, і паколькі названыя службы адмаўляюццы заключаць дамовы з апазіцыянерамі, за апошнія 6 год у Віцебску не была задаволена ніводная заяўка на правядзенне акцый паводле ініцыятывы апазіцыйных актывістаў.

Гэтым разам сітуацыя паўтарылася, хіба што за выключэннем аднаго раёну. У адказах з Першамайскага і Кастрычніцкага чыноўнікі звыкла спаслаліся на рашэнне гарвыканкаму, а вось намесніца кіраўніка Чыгуначнай раённай адміністрацыі Наталля Ляпёшкіна вырашыла аргументаваць забарону, спаслаўшыся на закон "Аб масавых акцыях у Рэспубліцы Беларусь". Яна адказала так, нібыта гэта патрабаванне Закону – прыкладаць дамовы на абслугоўванне акцый да саміх заявак. Між тым, заканадаўствам нічога падобнага не прадугледжана. Гэтакі парадак падачы заявак – вынаходніцтва менавіта віцебскіх уладаў. У іншых рэгіёнах дзейнічаюць правілы, якія адлюстроўваюць закон аб масавых акцыях больш дакладна: спачатку падаецца заяўка ў мясцовую адміністрацыю, і ў выпадку, калі дазвол ужо атрыманы, заяўнікі заключаюць дамовы на абслугоўванне з адпаведнымі службамі.

На Віцебшчыне – усе наадварот. І таму, прыкладам, міліцыя неаднаразова адказвала заяўнікам, што дамовы будуць падпісаныя толькі пасля таго, як улады дазволяць нейкае мерапрыемства.

Змяніць парадак, вызначаны віцебскім гарвыканкамам у 2009 годзе, актывістам не ўдалося, хоць яны прыкладалі да гэтага значныя высілкі: скардзіліся ў вышэйшыя інстанцыі і нават судзілся.

Такім чынам, пікеты, запланаваныя з перыяд з 5 па 11 кастрычніка, не адбудуцца. Мэтай арганізатараў, сфармуляванай у заяўцы, было "данесці да жыхароў Віцебску інфармацыю аб тым, што ў 1996 годзе А. Лукашэнка ажыццявіў разгон законна абранага Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусь, шляхам маніпуляцыяў грамадскай думкай унёс змены ў дзеючую Канстытуцыю краіны 1994 года, якія дазволілі яму ўсталяваць у краіне дыктатарскі рэжым. Лічым, што ва ўмовах дыктатуры выбары немагчымыя па сваёй сутнасці. Зыходзячы з гэтага, прапануем выбаршчыкам байкатаваць фальшывыя псеўдавыбары".

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары