Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Да пачатку галасавання засталося:

У Оршы з участкаў выдалілі ўсіх назіральнікаў ад "Справядлівага свету"

Каля 30 назіральнікаў ад партыі левых "Справядлівы свет" выдалілі з участкаў, бо камісіям падалася неадэкватнай фармулёўка ў пратаколах партыйнага вылучэння.

Ва ўсіх пратаколах па вылучэнні ў назіральнікі напісана, што чалавека накіроўваюць назіраць на выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь 11 кастрычніка 2015 года – менавіта такі поўны назоў маюць сёлетнія выбары. Так пішацца і на сайце Цэнтрвыбаркаму. Але ў першы дзень датэрміновага галасавання назіральнікаў-партыйцаў выдалілі з участкаў у Оршы – нібыта іх накіравалі назіраць толькі на адзін дзень, дзень выбараў 11 кастрычніка.

Старшыня абласной партыйнай арганізацыі Мікалай Селівашка, які неаднаразова быў сябрам абласной выбарчай камісіі, абураны дзеяннямі кіраўнікоў аршанскіх камісій:
- У партыйных пратаколах быў ужыты афіцыйны назоў выбараў. Аднак сёння выдалілі ўсіх нашых назіральнікаў – нават тых, хто раней зарэгістраваўся на ўчастках, і чыё з'яўленне там ва ўсе іншыя дні пытанняў не выклікала. Назіральнік мае права назіраць за выбарчым працэсам на ўсім яго працягу, калі з пратаколе асобна не агаворана, што ён накіроўваецца на адзін дзень, ці на шэсць дзён. У нашых пратаколах аніякіх такіх агаворак не было.

Партыя левых "Справядлівы свет" вылучыла самую вялікую колькасць назіральнікаў на выбарчыя ўчасткі Віцебшчыны. І цяпер, атрымліваецца, значную колькасць з іх пазбавілі права назіраць за выбарчым працэсам.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары